Агульная інфармацыя, лекцыі

Гісторыя праваслаўнай багаслоўскай адукацыі ў Гродна паглыбляецца яшчэ ў ХІІ стагоддзе, калі пры старажытнай Барыса-Глебскай Каложскай царкве г. Гродна дзейнічала манастырская школа. Пазней навучанне было арганізавана пры старажытнай гродзенскай кафедральнай Прачысценскай царкве (ХІІ ст.). У ХІХ ст. у Гродне былі адкрытыя царкоўна-пеўчыя курсы. У 20-х і 30-х гг. ХХ ст. пры гродзенскім Пакроўскім саборы былі арганізаваныя катэхізічныя курсы.

Узнаўленне адукацыйнай дзейнасці Гродзенскай праваслаўнай епархіі адбылося ў 1996 годзе, калі па благаславенні архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Арцемія (Кішчанкі) былі адкрытыя пры Пакроўскім кафедральным саборы “Місіянерска-катэхізічныя курсы для міранаў” з трохгадовай праграмай навучання. Сучасная дзейнасць Міранскай багаслоўскай калегіі Гродзенскай епархіі ёсць непасрэдным працягам гэтай навучальнай установы. На працягу 21 года сваёй дзейнасці багаслоўскую адукацыю на “Місіянерска-катэхізічных курсах” атрымалі каля 3 тысяч чалавек.

З 2016 года па благаславенні архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Арцемія “Місіянерска-катэхізічныя курсы” пры Свята-Пакроўскім кафедральным саборы атрымалі найменне ў гонар прападобнага Лявонція (Карповіча), архімандрыта Віленскага – вядомага беларускага праваслаўнага публіцыста і багаслова, кіраўніка Віленскай брацкай школы.

Сучасны стан

У 2017 годзе “Місіянерска-катэхізічныя курсы” былі перайменаваны ў Міранскую багаслоўскую калегію і была праведзена рэформа адукацыйнай структуры навучальнай установы. Агульная працягласць навучання склала 7 год: пачатковая ступень – 2 гады навучання, асноўны курс – 5 год навучання.

На сённяшні дзень Міранская багаслоўская калегія імя прападобнага Лявонція, архімандрыта Віленскага, ёсць структурным падраздзяленнем Гродзенскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы. Выкладчыкі калегіі – святары і міране г. Гродна, якія маюць вышэйшую багаслоўскую адукацыю. Акрамя таго, для лекцый у “Міранскай багаслоўскай калегіі” запрашаюцца выкладчыкі з іншых гарадоў і краін.

Заняткі праходзяць тры дні на тыдзень: аўторак – біблейскія дысцыпліны і грэцкая мова; серада – царкоўная гісторыя, багаслоўскія дысцыпліны, місіялогія, хрысціянскае сацыяльнае служэнне; чацвер – катэхізіс, літургіка, хрысціянская этыка. Па заканчэнні навучання студэнты маюць магчымасць напісання дыпломных прац і атрымання дыплома.

Штогадовы набор студэнтаў для навучання ў Міранскай багаслоўскай калегіі складае 60-80 чалавек. Па стане на 2019 год студэнтамі Калегіі лічацца 237 чалавек. Сярэдні ўзрост слухачоў – 47 год. 72% слухачоў маюць вышэйшую адукацыю.

РАСКЛАД ЗАНЯТКАЎ

  • Каардынатар курсаў: дыякан Барыс Барадзінчык (+37529879-55-82)​

​Лекцыі:

  1. Лекцыі па тлумачэнні малітваў набажэнства
  2. Біблейская гісторыя 1 курс 1 ступені навучання
  3. Біблейская гісторыя Новага Завету 1 курс 2 ступені

Плейлісты відэалекцый: www.youtube.com/c/СвятоПокровскийсоборГродно

Раздел сайта: