14 кастрычніка 2018 года Бажэственную літургію на свята Пакрова Найсвяцейшай Уладычыцы нашай Багародзiцы i Вечнадзевы Марыі ў Свята-Пакроўскім кафедральным саборы горада Гродна, ў саслужэнні духаўнікоў епархіі, настаяцеля і клірыкаў сабора, настаяцеляў гродзенскіх храмаў, ўзначаліў благачынны Гродзенскай акругі протаіерэй Аляксандр Велісейчык. Пасля Крэснага хода вернікаў і гасцей запрасілі наведаць "Пакроўскае свята" - адроджаную традыцыю дзяліцца радасцю ды бавіць час разам пасля супольнай малітвы.
Унутраны двор прыходскага дома кафедральнага сабора ператварыўся у святочную пляцоўку для танцаў і смачных пачастункаў. Жадаючыя маглі набыць разнастайныя сувеніры ад рамеснікаў.
Асобна адзначым, што адчувальную колькасць вернікаў на позняй літургіі склалі вучні, настаўнікі нядзельнай школы і бацькі-прыхажане.
Прадстаўнікі "Панамарскага факультэта" школы ды моладзевы хор "Соборные воробушки" пад кіраўніцтвам Елізаветы Айкян прынялі непасрэдны ўдзел у богаслужэнні.
Мікалай БАЙДА































