У імя Айца і Сына і Святога Духа!
Узлюбленыя ў Хрысце браты і сёстры! Прытча пра злых вінаградараў, якую мы толькі што чулі з Еванелля, прагучала ў адзін з самых драматычных момантаў зямнога жыцця Госпада Іісуса Хрыста. Ён толькі што са славаю ўвайшоў у Іерусалім. Ён толькі што выгнаў усіх гандляроў-камерсантаў з Іерусалімскага храма. Ён – Іісус з Назарэту, паводзіў Сябе ў Іерусаліме як сапраўдны гаспадар. Але тут ужо былі тыя, хто лічыў сябе гаспадарамі народу і Іерусалімскага храма. Гэта былі першасвятары, кніжнікі, заможныя і ўплывовыя людзі народу Ізраільскага, якія складалі орган народнага самакіравання – Сінедрыён.