28 жніўня, або 15 жніўня паводле старога стылю, праваслаўныя хрысьціяне адзначылі адно з двунадзясятых сьвятаў – сьвята Усьпеньня (Спачыну) Найсьвяцейшае Багародзіцы й Вечнадзевы Марыі. З гэтае нагоды ў Сьвята-Пакроўскім катэдральным саборы адбылося ўрачыстае служэньне Боскае літургіі, што ўзначаліў высокапраасьвяшчэнны Арцемі, архіяпіскап Гродзенскі й Ваўкавыскі, у саслужэньні настаяцеля сабора протаіярэя Георгія Роя і протаіярэя Андрэя Бандарэнкі. Пасьля набажэнства адбылося высьвянчэньне зёлкаў.
Акалічнасьці Спачыну Найсьвяцейшае Дзевы Марыі вядомыя ў Хрысьціянскай Царкве з апостальскіх часоў. Хоць у Сьвятым Паданьні няма зьвесткаў пра абставы слаўнага Усьпеньня Прачыстае Дзевы Багародзіцы, аднак мы ведаем пра яго з даўняга паданьня. Да часу Свайго слаўнага Усьпеньня Багародзіца прыйшла ў Ерузалем. Яна мела звычай у Сьвятым Горадзе прыходзіць да Гасподняе труны і там маліцца.