Фольк-гурт “Рада” выступіў у Пакроўскім саборы ў межах фестываля “Каложскі дабравест”

17 лютага 2019 года ў актавай зале Пакроўскага сабора адбылася імпрэза прысвечаная XVIII Міжнароднаму фестывалю праваслаўных песнапенняў “Каложскі дабравест”. Напярэдадні пачатку асноўных мерапрыемстваў фэсту, перад гарадзенцамі з праграммай традыцыйных беларускіх релігійных спеваў  выступіў мінскі фольк-гурт “Рада”.

Я спазніўся. Прыйшлося працісківацца праз натоўп людзей, знаёмых і не зусім. Ну што, - пытаюся ў кагосці, - як? – “А во, равуць хлопцы”! Ну так, “равуць” сапраўды, будзь здароў. Я, калі шчыра, не музыка. І для мяне самае галоўнае каб было голасна і чутна. Таму мне ўжо с парога падабаецца і я не без перашкоды намагаюся заняць месца палепш. Знайшоушы, нарэшце, хоць якое месца ў поўнай зале, пачынаю прыслухоўвацца.

Да гэтага вечара я чамусьці лічыў, што народныя спевы заўсёды язычніцкія. Ну напалову дык дакладна. Нават тыя што прызначаны да царкоўных святаў. Ну і стаўленне ў мяне да іх было адпаведнае. Але вось спяваюць пра святога Юр’я, потым пра святую Барбару. І я як святар не знаходжу ў іх нічога “крымінальнага”. У нейкі момант пачынаю разважаць, што было б нядрэнна калі б і ў нашых нядзельных школах вучылі такія песні, замест сумных “акадэмічных” заняткаў па кніжках.

Гэтую думку быццам бы падтрымлівае адзін са спевакоў Алесь Жукоўскі: “Няшмат раней было магчымасцяў у простага люду вучыцца Божаму Слову. То вось такія спевакі, вандруючыя па весках, па-сучаснаму кажучы былі амаль што супрацоўнікамі місiянерскага аддзела”.

Пазіраючы на публіку ўсё больш з ім пагаджаюся. Няхай гэтыя спевы і простыя, але ж кранаюць людзей нягорш за казанні бацюшкі ў царкве. Хтосьці плача, выціраючы хусткай слёзы, а хтосьці наадварот з гонарам усьміхаецца, што нам засталася ад продкаў такая спадчына.

Дарэчы наконт спадчыны таксама шло шмат размовы падчас выступу. “Рада” ня толькі выконвае народныя песні, але і збірае іх па вёсках пад час экспедыцый. І я лічу, што гэта велькая справа. Ня толькі для зберагання нашае культуры. Перш за ўсё гэта мае вялікі сэнс ў адносінах ды тых людзей, старых людзей, з якімі яны размаўляюць, пяюць, гутараць аб звычайным жыцціі. Яны, гэтыя бабулі і дзядулі, да якіх не тое што экспедыцыя, але можа і родныя нячаста заязджаюць, у той момант адчуваюць сябе патрэбнымі і гэта ўжо шмат чаго каштуе. За гэта і дзякуй вялікі канцэртоўцам.

Асабіста для мяне сапраўднай асалодай было слухаць “Ойча наш”, па словах музыкаў, відавочна пакладзенную на мелодыю колішняй звычайнай песні. Прыемна было ад самой думкі, што гэтая галоўная хрысціянская малітва ня проста гучала раз ад разу як завучаны тэкст. Не. Нехта ж прызвычаіў яе так, як ім падабалася. Пад свой лад. Каб яшчэ больш упрыгожыць у адпаведнасці са сваім густам. Хтосці скажа, што гэта некананічна, але я лічу, што гэта сведчыць аб тым, што малітва гэтая была жывая. І так, напэўна, заўсёды – пакуль малітва народная, дагэтуль яна і жывая, сапраўдная, ня штучная.

Я вось на мерапрыемства спазніўся. Так. Але слухаючы “Раду” непакідала мяне думка, што такіх спеваў і спевакоў засталося няшмат насамрэч. І як бы гэта не спазніцца як мага болей дакрануцца да гэтага досвету беларусскай рэлігійнай народнай песні?

Плэйліст імпрэзы на youtube

Дыякан Дзмітрый ПАЎЛЮКЕВІЧ