Протаіерэй Георгій Рой “Тэматычная праграма субяседаванняў па хрышчэнні”

1-ае субяседаванне:

  • Гісторыя і ўнутраны сэнс Таінства Хрышчэння
  • Пра хрышчэнне дзяцей і ўспрыемніцтва
  • Змест “Сімвала Веры”

2-ое субяседаванне:

  • Абавязкі хросных бацькоў (успрыемнікаў)

Субяседаванне 1.

Тэма 1. Гісторыя і ўнутраны сэнс Таінства Хрышчэння.

Гісторыя:

-Таінства Хрышчэння бярэ свой пачатак ад Самога Госпада Іісуса Хрыста: “Хто не народзіцца ад вады і Духа, той не можа ўвайсці ў Царства Нябеснае” (Іаан ІІІ, 5). Хрышчэнне ёсцьтаемным нараджэннем ад вады і Духа.

- Хрыстос дае запаведзь сваім вучням: “Ідзіце, навучы́це ўсе народы, хры́сцячы іх у імя́ Айца, і Сына, і Святога Духа, ву́чачы іх выконваць усё, што Я запаве́даў вам; і вось, Я з вамі ва ўсе дні да сканчэ́ння веку. Амінь” (Матфей XXVIII, 18-20). З часоў апостальскіх і па сённяшні дзень усе ахвотныя злучыцца з Хрыстом, усе, хто мае жаданне атрымаць вышняе нараджэнне ад вады і Духа”, прымаюць             ХРЫШЧЭННЕ.

Але што адбываецца з чалавекам у хрышчэнні? Для таго, каб зразумець гэта, неабходна паглядзець на наша жыццё з больш шырокай перспектывы.

ХРЫСЦІЯНСКАЯ СІСТЭМА КААРДЫНАТ.

ГІСТОРЫЯ ЎРАТАВАННЯ І ЎНУТРАНЫ СЭНС ТАІНСТВА ХРЫШЧЭННЯ

–– Вечныя пытанні: адкуль мы і для чаго жывем? Як мы з’явіліся ў бясконцым космасе? Чалавецтва дае розныя адказы. Але ёсцьтой адказ, які мы знаходзім у Бібліі.

Боскае Адкравенне

–– БІБЛІЯ – кніга, у якой адлюстраваны шматтысячны досвед АДКРАВЕННЯ Бога людзям. Гасподзь расказвае нам пра Сябе і пра нас саміх, пра гісторыю гэтага свету.

–– Адкуль мы і наш свет? І нас, і ўвесь космас стварыў і прызваў да жыцця Адзіны Сапраўдны Бог. Бог стварыў нас для радасці і жыцця, для адзінства з Ім. Чалавецтва жыло ў гармоніі з Богам і з усім стварэннем.

Што з намі адбылося? Адкуль зло? Як грэхападзенне паўплывала на чалавека?

–– Адкуль зло?

Гісторыя адпадзення дыявала, узнікнення зла. Дыявал захацеў украсці любімае Стварэнне Бога – чалавека.

–– Чаму чалавек страціў адзінства з Богам?

Чалавек створаны свабодным і можа выбіраць: быць яму з Богам ці без Яго. Гісторыя спакушэння. Чалавек робіць свой свабодны выбар.

–– Наступствы адпадзення ад Бога:

А)Чалавек – нявольнік сатаны.

Б)Чалавек адарваўся ад крыніцы жыцця – Бога. Сатана умярцвіў і знішчыў тое, што стварыў Бог. Любімае стварэнне Божае, дзіця Божае – чалавек, створаны на вобраз і падабенства Бога, стаў смяротным.

В)Зло глыбока пранікае ў прыроду чалавека. Чалавек становіцца схільным рабіць зло. Наша прырода мутуе пад уплывам зла.

–– Ці мог Бог змірыцца з тым, што чалавек стаў нявольнікам сатаны, што дыявал сапсаваў і разбэсціў Яго любімае стварэнне? – НЕ! Бог, як любячы Айцец, ратуе чалавека!

–– Што робіць Бог для ўратавання чалавека?

–– Вялікі Творца Космасу прыходзіць у гэты свет і прымае чалавечую прыроду. Іісус Хрыстос – не проста прарок, не проста прапаведнік. ЁН – БОГ, Які злучыў са сваёй Боскай прыродай прыроду чалавечую.

–– Нашто Бог прымае чалавечую прыроду?

У грэхападзенні чалавечая прырода адарвалася ад Крыніцы жыцця, а ў Хрысце аднаўляецца страчанае адзінства. Хрыстос знутры ацаляе пашкоджаную злом сутнасць чалавека.

Хрыстос дае вучэнне і ўказвае шлях да аднаўлення адзінства з Богам.

Хрыстос гаворыць, што аднаўленне адзінства з Богам пачынаецца з ХРЫШЧЭННЯ, якое разумеецца як НАРАДЖЭННЕ ад вады і Духа.

–– У чым жа глыбінны сэнс Хрышчэння?

Хрышчэнне – гэта не проста сімвал жыцця або знак аднаўлення адзіства з Богам. Хрышчэнне ўплывае на ўсю прыроду чалавека.

–– Якім чынам Хрышчэнне мяняе прыроду чалавека?

Хрыстос тлумачыць гэта на прыкладзе вінаграднай лазы: “Я — сапра́ўдная вінагра́дная Лаза́, а Айцец Мой — Вінагра́дар; усякую галнну на Мне, якая не прыно́сіць пло́ду, Ён адсяка́е; і ўсякую, што прыно́сіць плод, ачышча́е, каб бо́льшы плод прыно́сіла. Вы ўжо ачы́шчаны праз слова, якое Я гаварыў вам. 4. Бу́дзьце ўва Мне, і Я ў вас. Як галнна не можа прыно́сіць пло́ду сама па сабе, калі не будзе на лазе́, так і вы, калі ўва Мне не будзеце. Я — вінагра́дная Лаза́, вы — галнны; хто знахо́дзіцца ўва Мне, а Я ў ім, той прыно́сіць многа пло́ду, бо без Мяне не мо́жаце рабіць нічога; хто не будзе ўва Мне, той будзе вы́кінуты вон, як галнна, і засохне…”.

Прышчапленне галіны да дрэва – вобраз Хрышчэння. У Хрышчэнні чалавек злучаеццца з Хрыстом на ўзор таго, як галіна атрымлівае новае жыццё, будучы прышчэпленай да ствала дрэва. Злучыўшыся ў Хрышчэнні з Хрыстом, чалавек аднаўляе страчанае адзінства з Богам. У хрышчаным чалавеку пачынае дзейнічаць моц і энергія Бога, асвячаецца ўся прырода чалавека.

Хрышчэнне як вобраз грамадзянства.

–– “Хто не народзіцца ад вады і Духа, той не можа ўвайсці ў Царства Нябеснае” (Іаан ІІІ, 5)

–– Што такое “Царства”? Царства – гэта форма дзяржаўнага кіравання, з якой Гасподзь параўноўвае свае адносіны з чалавецтвам. Ён – абсалютны правіцель Царства Божага і чалавек пры жаданні можа стаць грамадзянінам гэтай Божай дзяржавы.

–– Прыняць Хрышчэнне – значыць стаць грамадзянінам Царства Божага.

–– Якія наступствы прыняцця гэтага Нябеснага грамадзянства? Бог бярэ чалавека пад сваю абарону і апеку. Бог з Нябёсаў пасылае чалавеку Анёла Ахоўніка. Гасподзь спрыяе чалавеку на шляху да Нябеснай Айчыны.

–– Іншы бок медаля. Грамадзяне не толькі карыстаюцца прывілеямі дзяржаўнага ладу, але і АБАВЯЗАНЫ прытрымлівацца ЗАКОНАЎ. Чалавек, які парушае закон, становіцца злачынцам. У Царстве Божым таксама дзейнічаюць свае законы і называюцца яны запаведзямі Божымі. Грамадзяне Царства Божага – хрышчаныя хрысціяне, абавязаны ведаць гэтыя законы і прытрымлівацца іх. І ў гэтым выпадку дзейнічае норма: “няведанне закона ад адказнасці не вызваляе”. Мы – дарослыя хрысціяне, закліканы належным чынам асэнсаваць факт свайго Нябеснага грамадзянства.

Мы павінны зрабіць усё магчымае, каб дзеці, якіх мы хрысцім, ведалі Нябеснага Айца. Яго святыя запаведзі і жылі згодна з Праўдай Божай

ТЭМА 2 ПРА ХРЫШЧЭННЕ ДЗЯЦЕЙ І ЎСПРЫЕМНІЦТВА

Калі хрышчэнне прымае дарослы чалавек, ён усвядомлена бярэ на сябе адказнасць перад Богам, усвядомлена абяцае захоўваць вернасць Богу.

Калі мы хрысцім дзяцей, то яны яшчэ не здольны да ўсвядомленага ўспрыняцця Хрышчэння. Для таго, каб гэта ўсвядомленасць сфарміравалася, каб дзеці маглі пазнаць Бога, ім патрэбна ДАПАМОГА ДАРОСЛЫХ. Асаблівая адказнасць перад Богам за хрысціянскае выхаванне дзяцей кладзецца на родных бацькоў і на хросных бацькоў.

Хрышчэнне дзяцей. Гістарычны кантэкст

У хрысціянскай старажытнасці дзяцей хрысцілі толькі пры пэўных умовах.

Пры якіх абставінах адбывалася хрышчэнне дзяцей у старажытнасці?

–– Свяшчэннаслужыцелі ведалі свае хрысціянскія абшчыны і веру тых людзей, якія складалі гэтыя абшчыны. У хрысціянскіх сем’ях нараджаліся дзеці. Бацькі не жадалі адкладаць момант уз’яднання іх дзяцей з Хрыстом на доўгія гады. Яны хацелі, каб з самага ранняга ўзросту ў іх дзецях дзейнічала сіла Божая. Бацькі-хрысціяне звярталіся з просьбай да святара аб хрышчэнні іх дзяцей.

Святар згаджаўся на гэта пры ўмове, што ён сапраўды бачыў жывую хрысціянскую веру бацькоў і іх здольнасць выхаваць дзіця ў веры. Але і гэтага было недастаткова. Святар з абшчыны выбіраў тых людзей, якія павінны былі дапамагаць бацькам у хрысціянскім выхаванні дзяцей. Менавіта гэтых людзей і называлі “хроснымі бацькамі”.

Сучасная сітуацыя пры хрышчэнні дзяцей

У большасці выпадкаў святар, які ажыццяўляе хрышчэнне, не знаёмы ні з бацькамі дзіцяці, ні з хроснымі бацькамі. Бываюць выпадкі, калі і родныя бацькі, і хросныя вельмі далёкія ад хрысціянскай веры, а рашэнне пра хрышчэнне прымаецца па нейкіх прымхлівых матывах. Цяпер у многіх выпадках у нас няма ўпэўненасці ў тым, што бацькі сапраўды здольныя выхаваць дзіця хрысціянінам. Далёка не заўсёды мы можам быць упэўнены, што хросныя справяцца з адказнасцю за хрысціянскае выхаванне дзіцяці, якую на сябе прымаюць.

Як змяніць сітуацыю?

Для гэтага мы сустракаемся на субяседаваннях, прызначаных перад хрышчэннем, дзе гаворым не толькі аб пракычных пытаннях, але істотная ўвага ўдзяляецца тлумачэнню сэнсу Таінства Хрышчэння, асноў хрыціянскай веры і маральнасці. Мы вельмі спадзяемся, што ўдзел у Хрышчэнні і для бацькоў дзіцяці, і для хросных, стане імпульсам для паглыблення ці, магчыма, для перагляду сваіх адносінаў з Нябесным Айцом.

Мы не хацелі б, каб выпадковыя людзі станавіліся хроснымі бацькамі.

Праверка падрыхтаванасці хросных. Заданне

Гатоўнасць стаць хросным/хроснай чалавек павінен пацвердзіць. Кандыдаты ў “хросныя бацькі” атрымліваюць невялікае заданне: вывучыць на памяць дзве малітвы – “Ойча наш” і “Сімвал веры”. Выкананне гэтага даручэння дапамагае нам убачыць сур’ёзнасць намераў. Для практыкуючага хрысціяніна не трэба будзе вучыць гэтыя малітвы, паколькі ён іх і так ведае. Для чалавека ж, які знаходзіцца на шляху да храма, вывучэнне галоўных малітваў будзе карыснай справай і асабіства для сябе ў плане падрыхтоўкі да Хрышчэння. У часе ажыццяўлення таінства хросныя бацькі самастойна голасна прачытваюць гэтыя малітвы.

Праца з матывацыяй

Вывучэнне зместу малітваў на памяць можа для кагосьці аказацца справай няпростай. Пагэтаму вельмі важнай з’яўляецца матывацыя і параўнальныя прыклады.

Магчымыя прыклады:

А) Чалавек матываваны прайсці навучанне і атрымаць вадзіцельскія правы. Для паспяховай падрыхтоўкі ў аўташколе многае трэба вучыць на памяць, здаваць экзамены, практыкавацца ў ваджэнні. У параўнанні з гэтым задача хросных складанейшая – кіраваць жыццём чалавека.

Б) Сапраўдныя патрыёты сваёй краіны заўжды ведаюць гімн на памяць. “Сімвал веры” – гімн грамадзяніна Царства Божага. Мы павінны ведаць гэты тэкст на памяць.

В)Перыядычна спецыялісты рыхтуюцца да экзаменаў па павышэнні кваліфікацыі ці яе пацверджанні. Калі ў свецкіх структурах маюцца такія патрабаванні, чаму мы, як хрысціяне, павінны нядбайна ставіцца да патрабаванняў хрысціянскай веры?

Іншыя прыклады і параўнанні

Для таго, каб вывучэнне “Сімвала веры” ішло лягчэй, трэба ведаць, пра што там ідзе гаворка.

ТЭМА 3. ЗМЕСТ “СІМВАЛА ВЕРЫ”

Агульныя звесткі

Сімвал веры – гэта Біблія ў скарачэнні. Гэты тэкст фарміраваўся на працягу першых чатырох стагоддзяў хрысціянскай гісторыі і зацвярджаўся на сусветных сходах хрысціянаў – Усяленскіх Саборах. Гэты тэкст з’явіўся як адказ на спробы сказіць сэнс хрысціянскай веры.

Сімвал веры раздзяляецца на 12 частак, кожная з якіх раскрывае важныя палажэнні хрысціянскай веры.

Неабходныя заўвагі па змесце.

Сімвал веры раскрывае біблейнае вучэнне пра Бога ў біблейных паняццях. Адкрываючыся, Гасподзь імкнуўся данесці да чалавека веды пра Сваю прыроду. Для дасягнення гэтай мэты Бог карыстаўся чалавечымі паняццямі, каб хоць у нейкай меры Сябе апісаць у зразумелай для чалавека форме.

Тайна Святой Тройцы. Як Бог нам адкрываецца?

У Бібліі Бог адкрываецца чалавеку як Тройца – Адзіны Бог у Трох Асобах: Айцец, Сын, Святы Дух.

Ці можам мы наблізіцца да разумення таямніцы Божай Прыроды?

У поўнай меры існасць Бога для чалавека неспасціжная. Але ў парашнаннях мы можам наблізіцца да разумення гэтай таямніцы. Падкрэслім, што ўсе параўнанні вельмі ўмоўныя, яны толькі ў самых агульных рысах дапамагаюць чалавеку наблізіцца да разумення.

Параўнанне з сонцам. Адзінае сонца, але гэтае нябеснае цела: 1) мае бачную субстанцыю; 2) дае святло; 3) дае цяпло.

Параўнанне з вадой. Адна і тая ж вада ў трох агрэгатных станах: вадкім, цвёрдым і газападобным.

Сімвал веры гаворыць нам пра Адзінага Бога ў Трох Асобах – Айцу, Сыне і Святым Духу.

Разгляд тэксту Сімвала веры па членах

1.      Верую ў Адзiнага Бога Айца, Уседзяржыцеля, Тварца неба i зямлi, усяго бачнага и нябачнага.

Што значыць вераваць? Не проста прызнаваць існаванне, але і давяраць (пра Бога Адзінага ўжо ішла гаворка раней, пагэтаму няварта паўтарацца).

Як Бог ставіцца да нас? Ён – наш Айцец. Бог прапануе нам адносіны любові на ўзор знаёмай чалавеку любові паміж бацькамі і дзецьмі.

Бог – Творца Сусвету, таму мы Яго і называем Уседзяржыцелем.

2.      I ў адзiнага Госпада Iiсуса Хрыста, Сына Божага, Адзiнароднага, ад Айца народжанага перад усiмi вякамi; Святло ад Святла, Бога iсцiннага ад Бога iсцiннага, народжанага, не створанага, адзiнасутнага з Айцом, праз Якога ўсё сталася.

Іісус Хрыстос… Хто Ён? Іісус з Назарэта – гэта не проста прарок, не проста настаўнік маральнасці, не проста мудры і добры чалавек.

ЁН – Хрыстос. Слова “Хрыстос” – значыць прадказаны прарокамі Ратаўнік (Збаўца, Спасіцель) свету і чалавецтва.

ЁН – Сын Божы. Сын Божы – найменне Другой Асобы Святой Тройцы. Сын Божы – значыць Бог. Іісус з Назарэта – гэта Бог.

ЁН – Адзінародны. Сынамі Божымі ў Бібліі называліся і людзі, але Сын Божы – Сын па Сваёй Боскай Прыродзе.

ЁН – Адзіны, Які па прыродзе сваёй нараджаецца ад Айца.

ЁН народжаны ад Айца, а не створаны. Чаму на гэта звяртаецца ўвага? Тут падкрэсліваецца роўнасць Бога Айца і Бога Сына. Калі б Сын быў створаны, то створанае заўсёды ніжэй за тое, Хто Яго стварыў.

ЁН адзінай сутнасці з Айцом, г. зн. валодае той самай Боскай прыродай. Пагэтаму і Яго нараджэнне падобнае да таго, як святло нараджаецца ад святла.

ІМ і праз ЯГО Бог Айцец стварыў ўвесь Сусвет. Бадай, многія чулі словы Бібліі: “У пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова <…> і без Яго нішто не пачало быць, што пачало быць” (Іаан І, 1-3). Пра каго тут апавядаецца? – Пра Сына Божага, Другую Асобу Святой Тройцы. Грэцкае слова “логас” (‘слова’) азначае не толькі вымаўленае вуснамі чалавека, але яно абазначае “розум, разумнасць”. З гэтай прычыны мы можам сказаць, што Сын Божы – гэта нейкі Боскі Розум, Якім Бог Айцец творыць увесь бачны і нябачны свет.

3.      Якi дзеля нас, людзей, i дзеля нашага збаўлення сышоў з нябёс i ўцялеснiўся ад Духа Святога i Дзевы Марыi, i стаў чалавекам.

Пра сэнс трэцяга члена Сімвала Веры мы падрабязна гаварылі ў ТЭМЕ 1.

4.      Быў распяты за нас пры Понцii Пiлаце, i пакутаваў, i быў пахаваны.

Калі Іісус Хрыстос ёсць Бог і Творца Сусвету, нашто Ён дазволіў Сябе распяць?

За ўсе нашы вялікія і малыя грахі, за парушэнне Волі Божай, паводле закона Боскай справядлівасці мы павінны былі панесці пакаранне. Але Хрыстос вызваляе нас ад гэтага пакарання Сваёй Крывёю. Ён стаў адным з нас, стаў Чалавекам. У Яго не было грахоў. Будучы Сынам Божым, Ён узяў грахі ўсіх людзей на Сябе. Яго Кроў на Крыжы праліваецца для ачышчэння нашых правінаў, Яго пакуты выкупляюць нашу віну, паміраючы, Ён ратуе нас.

Хрысту трэба было памерці, каб уратаваць памерлых.

Ратаваць трэба было не толькі жывых і тых, хто будзе жыць у будучыні, але і тых, хто жыў на Зямлі да прышэсця Хрыста і памёр. Душы памерлых людзей не маглі злучыцца з Богам, нават нягледзячы на сва            ё праведнае жыццё і адпраўляліся ў царства Шэол (“пекла, апраметная”). Душы мноства праведных людзей знаходзіліся ў цямніцы пекла. Па смерці чалавечая душа Хрыста адпраўляецца туды, куды ішлі душы ўсіх людзей – у пекла. Але Яго душа – гэта душа ўцялесненага Сына Божага. Пекла не змагло ўмясціць у сябе Бога. Хрыстос знішчае пякельныя кайданы і выводзіць адтуль душы праведнікаў, адкрывае ім шлях у Царства Божае.

Хрысту трэба было памерці, каб перамагчы смерць.

Хрыстос прайшоў той шлях, якім праходзіць кожны чалавек: шлях ад нараджэння да смерці. Нават у самым страшным, што можа чакаць чалавека, у яго пакутах і смерці, Хрыстос заўжды побач з намі. Ён прайшоў гэты шлях. Хрыстос памірае, каб аднавіць разбураную пад уплывам зла чалавечую прыроду. Яго душа сілай Боскага ўздзеяння зноў злучаецца з Яго целам. Хрыстос уваскрос! Ён аднавіў чалавечую прыроду і даў абяцанне, што ўслед за Ім пойдзем і мы ўсе: ад смерці да вечнага жыцця. Бог не дазволіў дыявалу разбурыць Яго стварэнне і аднавіў нас.

5.      I ўваскрэс на трэцi дзень згодна з Пісаннем.

Хрыстос жыў, памёр і ўвакрос згодна з прарочымі старазапаветнымі Пісаннямі пра Яго. Старажытныя прарокі прадказалі і запісалі ў Свяшчэнным Пісанні ўсё, што адкрыў ім Бог пра час прышэсця Хрыста, Яго дзеянні, пакуты, смерць і ўваскрасенне.

6.      I ўзышоў на нябёсы, i сядзiць праваруч Айца.

Сын Божы ўзнёс нашу чалавечую прыроду на прастол Славы Божай. Выраз “сядзіць праваруч Айца” патрабуе тлумачэння. Для людзей таго часу, калі з’явіўся Сімвал веры, самым уражальным прыкладам велічы быў Рымскі імператар. Часта, каб адлюстраваць веліч Бога, хрысціянскія пісьменнікі звярталіся да знаёмых вобразаў імператарскай велічы.

У дадзеным выпадку, выраз “сядзіць праваруч Айца” гаворыць пра тое, што чалавечая прырода Хрыста ў Бостве прыняла роўную веліч з Боскай прыродай. Калі рымскі імператар ставіў побач са сваім прастолам яшчэ адзін прастол і дазваляў каму-небудзь сесці на яго, гэта азначала, што той, хто сядзіць па правы бок, такі самы імператар.

7.      I зноў прыйдзе ў славе судзiць жывых i мёртвых, i Яго Царству не будзе канца.

Хрыстос, Які ўзнёсся ў Славе, зноў прыйдзе, каб судзіць увесь чалавечы род – жывых і мёртвых. Гэты суд нярэдка называюь страшным. Але важна памятаць, што кожны практыкуючы хрысціянін па некалькі раз на дзень моліцца аб тым, каб гэта падзея наблізілася: “Няхай прыйдзе Царства Тваё, няхай будзе воля Твая, як на Небе, так і на зямлі”. Для хрысціяніна сустрэча з Хрыстом жаданая і радасная. Страшнай яна можа быць толькі для тых, хто напоўніў сваё жыццё злом. Хрыстос прыйдзе ў другі раз на зямлю для таго, каб канчаткова прагнаць адсюль зло. Чалавек, які жыў злом, пойдзе туды, дзе зло. Чалавек, які жыў Хрыстом, будзе разам з Хрыстом у Яго бясконцым Царстве.

8.      I ў Духа Святога, Госпада, Жыватворчага, што ад Айца зыходзiць, што з Айцом i Сынам разам пакланяемы i славiмы, што гаварыў праз прарокаў.

Мы вызнаем таксама веру ў Трэцюю Асобу Святой Тройцы – Духа Святога.

Дух Святы – Гасподзь. Гэта адно з імёнаў Бога.

Дух Святы – Жыватворчы. Ён дае жыццё ўсяму жывому.

Дух Святы сыходзіць ад Айца. Так у Бібліі гаворыцца пра адносіны Духа Святога да Бога Айца.

Духа Святога мы шануем гэтаксама, як і Айца і Сына і аднолькава праслаўляем Яго.

Дух Святы – Крыніца прароцтва і крыніца боганатхнёнасці Свяшчэннага Пісання – Бібліі. Ён гаварыў праз прарокаў.

9.       У адзiную Святую Саборную i Апостальскую Царкву.

Прыняць Хрышчэнне – значыць увайсці ў Царкву як у абшчыну вучняў Хрыстовых, як у сям’ю дзяцей Божых.

Існуе папулярнае меркаванне: “Пасрэднікі ў адносінах з Богам мне не патрэбны. Бог у мяне ў душы. Царква мне не патрэбна”.

Што мы павінны ведаць пра Царкву?

–– Хрысціянства без Царквы НЕ БЫВАЕ! Хрыстос не кліча да сябе адзіночак. У Евангеллі мы бачым, што Хрыстос збірае Царкву – абшчыну сваіх вучняў. Царква – Цела Хрыстова. Царква – сям’я дзяцей Божых. Калі Бог – наш Айцец, гэта значыць, што ўсе мы – Яго дзеці. Мы – Яго сям’я.

–– Царква – гэта не пасрэдніцтва паміж Богам і чалавекам. Царква – гэта неабходнае асяроддзе для зносінаў з Богам. Хрыстос гаворыць: “Дзе двое альбо трое сабраліся ў імя Маё, там Я сярод іх” (Матфей XVIII, 20)

–– Царква Адзіная, як Адзіны Бог і як Адзіна Боская ісціна. У Адзінага Ісціннага Бога можа быць толькі адна Ісціна. У сілах Адзінага Сапраўднага Бога захаваць ісціну ў родзе чалавечым. Мы веруем, што гэта Ісціна захоўваецца ў нашай Адзінай, Святой, Саборнай, Апостальскай праваслаўнай Царкве. Гэты факт не ёсць нагодай для таго, каб ставіць сябе вышэй за іншыя цэрквы і вызнанні. Гэта найвялікшая адказнасць перад Госпадам.

–– Царква Святая. Яна святая не святасцю людзей, а святасцю Бога. Для людзей жа Царкву можна параўнаць з караблём, на якім мы ратуемся ад віруючай стыхіі зла. Царкву можна параўнаць з бальніцай, дзе мы, людзі, заражаныя злом і грахом, праходзім лячэнне. Тут маюцца ўсе сродкі, усе лекі, каб перамагчы гэту хваробу. Але, на жаль, не заўсёды людзі хочуць карыстацца гэтымі сродкамі. Пагэтаму ў Царкве бываюць не толькі святыя людзі, але і тыя, у каго барацьба са злом і грахом працякае не вельмі паспяхова.

–– Царква Саборная. Гэта слова азначае, што Царква, як сям’я дзяцей Божых, уключае ў сябе людзей усіх народаў і нацыянальнасцяў. Царква адкрыта для ўсіх.

–– Царква Апостальская. Яна заснавана Хрыстом і Яго вучнямі, апосталамі. Праваслаўная Царква бесперапынна захоўвае апостальскае вучэнне і апостальскую пераемнасць свяшчэннаслужыцеляў.

10.  Вызнаю адно хрышчэнне для адпушчэння грахоў.

Хрышчэнне цалкам амывае грахі, зробленыя чалавекам і дае магчымасць прасіць у Бога прабачэння ў сваіх грахах. Хрышчэнне, як і нараджэнне, можа быць толькі адно. Таму мы і гаворым: “вызнаю адно хрышчэнне”.

11.  Чакаю ўваскрасення мёртвых

Тут мы выражаем сваю веру ў тое, што Бог уваскрэсіць усіх памерлых людзей і адновіць нашу чалавечую прыроду, якую разбурае смерць. Усе душы памерлых людзей па Божым наказе зноў апрануцца ў плоць. Новая, адноўленая існасць людзей, будзе ачышчана ад прымесі зла і асвенчана благадаццю Божай.

12.  i жыцця будучага веку. Амiнь.

Гэтымі словамі мы выражаем веру ў вечнае і радаснае жыццё з Богам. Слова “амінь” азначае “сапраўды”, “няхай будзе так”.

Субяседаванне 2

ТЭМА 4. АБАВЯЗКІ ХРОСНЫХ БАЦЬКОЎ (УСПРЫЕМНІКАЎ)

Гісторыя ўспрыемніцтва пры Хрышчэнні была коратка разгледжана ў папярэднім раздзеле. Цяпер важна адказаць на пытанне: што значыць быць успрыемнікам і якія абавязкі хросных бацькоў?

Абавязкі хросных бацькоў:

–– Першы і самы галоўны абавязак хросных бацькоў – штодзённа маліцца за сваіх хрэснікаў. Малітва ўмацоўвае духоўную сувязь паміж хроснымі бацькамі і іх дзіцем.

–– Хросныя бацькі закліканы вучыць сваіх хрэснікаў веры, перадаваць ім свой духоўны досвед. Немагчыма навучыць таму, чаго не ведаеш сам, нельга перадаць тое, чаго няма. Пагэтаму ўдзел хросных ацькоў у хрышчэнні павінна стаць сур’ёзным імпульсам для ўмацавання іх веры і развіцця духоўнага досведу. Успрыемнікі закліканы духоўна ўдасканальваць сябе малітвай, вывучэннем Бібліі, удзелам у хрысціянскіх таінствах.

–– Хросныя бацькі абавязаны прымаць удзел у выхаванні сваіх хрэснікаў і прывіваць ім усё добрае і карыснае. Для таго каб выканаць гэту задачу хросныя павінны быць не толькі сябрамі мамы і таты сваіх хрэснікаў, але, у першую чаргу, павінны стаць старэйшымі сябрамі для сваіх духоўных дзяцей. З’яўленне хросных мамы і таты ў жыцці дзіцяці павінна быць святам і радасцю. Вядомы вобраз феі-хроснай з казкі Г.Х. Андэрсэна “Папялушка” невыпадковы.

–– Падарункі хросных бацькоў павінны адпавядаць мэтам духоўнага, культурнага, інтэлектуальнага росту дзіцяці.

Што чакае хросных на самім хрышчэнні?

Разгляд чына хрышчэння і яго сімволікі

  1. Чын хрышчэння пачынаецца з нарачэння імені хрысціяніна таму, каго хрысцяць. Гэта знак прыналежнасці Богу.
  2. Святар чытае заклінальныя малітвы – экзарцызмы. Сатана лічыць, што ўсе людзі – яго рабы. Святар іменем Іісуса Хрыста забараняе дыявалу набліжацца да чалавека і мець над ім якую-небудзт уладу. Над чалавекам абвяшчаецца ўлада Хрыста і Яго абарона.
  3. Адрачэнне ад дыявала і злучэнне з Хрыстом. Чалавек павінен выразіць сваю гатоўнасць адрачыся ад дыявала і злучыцца з Хрыстом. Святар задае адпаведныя пытанні, на якія за хрэснікаў адказваюць хросныя бацькі.
  4. Ганьбаванне дыявала – дзьмуханне і плюнавенне. У старажытнасці, калі адзін чалавек хацеў сказаць іншаму, што ніколі больш не жадае з ім мець зносіны, ён дзьмухаў на гэтага чалавека і гэта лічылася найстрашнейшай абразай. Плявок – выражэнне крайняй ступені агіды да таго, на каго мы плюем.
  5. Вызнанне веры. Чалавек, прамаўляючы Сімвал веры, сведчыць пра понае прыняцце ўсіх ісцін хрысціянскай веры.
  6. Малітвы асвячэння купелі хрышчэння і малітвы аб годным прыняцці таінства тым, каго хрысцяць. Вада – сімвал адраджэння і ачышчэння.
  7. Памазанне “алеем радавання”. Алей – сімвал міласці Божай да чалавека. Адзінства чалавека з Богам – крыніца бясконцай радасці.
  8. Хрышчэнне. Сімвал саўмірання і саўваскрасення Хрысту. Злучэнне з Богачалавечай прыродай Хрыста.
  9. Апрананне ў белую вопратку як сімвал чысціні і асвячэння.
  10. Таінства Мірапамазання. Паданне благадатных дароў Духа Святога.
  11. Абыходжанне вакол купелі – першы хрэсны ход новахрышчанага хрысціяніна.
  12. Пастрыжэнне валасоў – сімвал клятвеннага абяцання вернасці Хрысту.