“Любоў як каштоўнасць і норма жыцця” – лекцыю ва Універсітэце сямейных ведаў “Радзіна” правяла філосаф Сняжана Семярнік

9 лютага 2020 года ва Універсітэце сямейных ведаў “Радзіна” пры Свята-Пакроўскім кафедральным саборы горада Гродна для прыхаджанаў-бацькоў і грамадскасці г. Гродна адбылася адукацыйная лекцыя “Любоў як каштоўнасць і норма жыцця” дацэнта, кандыдата філасофскіх навук Сняжаны Семярнік.

Лектар адзначыла, што феномен любові – адзін з самых складаных для разумення. Гэта было добра вядома людзям са старажытных часоў. Напрыклад, старажытныя грэкі вылучалі сем відаў любові (Эрас, Людус, Сторге, Філія, Манія, Агапэ, Прагма), якія істотна адрозніваюцца па сваім значэнні для жыцця чалавека. Падабенства гэтых шматлікіх варыянтаў разумення любові палягае ў тым, што ў іх у недастатковай ступені выражаны духоўны складнік. Духоўнае вымярэнне любові, што выходзіць за межы зямнога існавання, прыўнесла ў свет хрысціянства.

Лектар падкрэсліла, што менавіта хрысціянства ўзвысіла паняцце любові, адкрыўшы неспазнаныя раней яго грані, паколькі дадзеная рэлігія паведаміла свету, што любоў мае боскую прыроду, што Бог ёсць любоў. Таксама лектар падкрэсліла, што чалавек, як складаная істота (біялагічная, культурная і духоўная адначасова), не можа ўспрымаць ідэю любові, не можа навучыцца любіць па-за кантэкстам чалавечага ўзаемадзеяння, пагэтаму вельмі важна, якое менавіта разуменне любові транслюе культура. Сучасная культура, усё далей аддаляючыся ад Бога, яго запаведзяў, спараджае скажоныя ўяўленні пра любоў, навязвае чалавеку ў якасці нормы сэнсы, якія вядуць да дэструктыўных станаў яго душы (паныласць, адчай, азлабленне, зайздрасць і г.д.). Яна прапануе антытэзісныя хрысціянскаму веравучэнню

палажэнні пра сутнасць любові, тым самым перашкаджаючы магчымасці чалавеку раскрыць для сябе сапраўдны сэнс любові і адшукаць яе.

Напрыклад, лектар звярнула ўвагу на наступныя супярэчнасці. Біблія кажа пра неабходнасць любові “да бліжняга свайго”, тых, хто побач з чалавекам і непасрэдна сустракаецца на яго жыццёвым шляху. Любоў да бліжняга патрабуе ад чалавека намаганняў, працы над сабой, патрабуе не судзіць іншага чалавека, прыняць яго, зразумець і падтрымаць. Сучасная культура ў асобе Ф. Ніцшэ прапануе прызыў рэалізаваць “любоў да дальняга”, любоў да чалавецтва. Гэта “летуценная” любоў, якая не патрабуе ўнутраных духоўных затрат, прыводзіць да таго, што разважаючы пра “любоў да чалавецтва”, чалавек не можа цярпець (не кажучы ўжо пра тое, каб палюбіць) таго, хто побач – дамачадцаў, суседзяў, саслужыўцаў. У гэтым праяўляецца памылковасць ідэі “любові да дальняга”. Таксама лектар адзначыла, што хрысціянства вучыць любіць іншага, як вобраз і падабенства Бога, як неспазнаны свет, спазнаўшы каторы, чалавек можа глыбей даведацца і адшукаць самога сябе. Сучасная культура прапануе тэзіс: “Пекла – гэта іншыя” (Ж.П. Сартр), выбудоўваючы глухую сцяну паміж такімі непадобнымі па асобасных якасцях, але аднолькава пакутуючымі людзьмі.

У заключэнне лектар выказала ідэю пра неабходнасць спасцігнуць мудрасць, адкрытую ў пасланні апостала Паўла да хрысціянаў Карынфа: “Калі я размаўляю мовамі чалавечымі і ангельскімі, а любові не маю, то я — медзь, якая звініць, альбо кімвал, які гудзе. Калі я маю дар прароцтва, і валодаю усімі тайнамі і ўсімі ведамі, і маю ўсю веру, так што магу і горы перастаўляць, а любові не маю, то я — нішто. І калі я раздам усю маёмасць сваю і аддам цела сваё на спаленне, а любові не маю, то няма мне ніякай

карысці. Любоў доўгацярплівая, міласэрная, любоў не зайздросціць, любоў не ўзвышае сябе, не ганарыцца, не бясчынствуе, не шукае свайго, не раздражняецца, не памятае зла, не радуецца няпраўдзе, а радуецца ісціне; усё пакрывае, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, ўсё пераносіць. Любоў ніколі не перастае”.

У завяршэнне сустрэчы айцец Міхаіл прывёў словы святога праведнага Іаана Кранштацкага: “Хрысціянін павінен з усёй дбайнасцю клапаціцца пра дабрыню і шчодрасць да бліжніх ва ўсім – бо да яго самога Бог, як і да ўсякага стварэння, бясконца добра і шчодры; добры і шчодры ў стварэнні яго з небыцця ў быццё, у дараванні незлічоных даброт, асабліва ж у найшчадрэйшым дараванні грахоў незлічоных, у адданні Сына Свайго Адзінароднага на пакуты і смерць, у дараванні нам у ежу і піццё самога Прачыстага Цела і Крыві Гасподняй, і, што вышэй за слова і розум, – у дараванні нам будучага блажэнства, якое не мае канца”.

Іерэй Міхаіл ПЕРАЦ, Сняжана СЕМЯРНІК, фота: Мікалай БАЙДА