“Адукацыя ў сучасным свеце…” – лекцыю ва Універсітэце сямейных ведаў “Радзіна” правяла філосаф Сняжана Семярнік

1 снежня 2019 года ва Універсітэце сямейных ведаў “Радзіна” пры Свята-Пакроўскім кафедральным саборы горада Гродна адбылася сустрэча з кандыдатам філасофскіх навук, дацэнтам Сняжанай Семярнік на тэму: “Адукацыя ў сучасным свеце: перспектывы, праблемы, супярэчнасці”.

На працягу выступлення лектар адзначыла, што ў адукацыі сёння адбываюцца сур’ёзныя змены, масштаб і ўзровень якіх дазваляе заключыць, што мы стаім на парозе кардынальнай змены не толькі адукацыйнай сістэмы, але і ўсяго грамадскага ўкладу ў цэлым.

У авангардзе зменаў, што адбываюцца, знаходзяцца адукацыйныя інавацыі, што пагружаюць суб’ектаў адукацыйнага працэсу ў лічбавую прастору. Лічбавізацыя школы, тэхнікума, ВНУ – працэс далёка не адназначны з пункту погляду ўспрымальніка.

Генеральнай стратэгіяй у новым алічбаваным свеце выступае скарачэнне магчымасці для жывых чалавечых зносінаў. Мадэль узаемадзеяння “чалавек-чалавек” (настаўнік – вучань, вучань – вучань, бацька або маці – настаўнік, бацька або маці – дзіцё) замяняецца на мадэль узаемадзеяння чалавек – машына (“зносіны” вучняў са смартфонамі, планшэтамі, віртуальнымі дошкамі і робатамі, што іх навучаюць).

Ранняе пагружэнне ў зносіны са штучнымі аб’ектамі (машынамі) прыводзіць да нарастання штучнасці ў асобе самога чалавека. Бо як відавая істота чалавек адрозніваецца незавершанасцю. Дзіцё, вырванае з кантэксту чалавечых зносінаў, ніколі не набывае чалавечыя рысы. Гэты феномен атрымаў у навуцы назву “феномен маўглі”. Дзеці, што ў сілу тых ці іншых абставінаў не атрымалі дастатковай увагі з

боку людзей, не набываюць сапраўды чалавечых рыс: прамахаджэння, мыслення, самасвядомасці, маўлення і г. д.

Сацыяльныя маўглі падобныя да жывёлаў. Калі правесці аналогію, то можна сцвярджаць, што незавершанасць чалавечай асобы ў спалучэнні з ранняй кіберсацыялізацыяй прывядзе да з’яўлення машынападобных постлюдзей – людзей, чыя чалавечнасць не будзе выражана ў дастатковай ступені.

Лектар падкрэсліла, што на сённяшні дзень у сур’ёзных навуковых лабараторыях створаны і праходзяць актыўную апрабацыю ў суседніх краінах, у прыватнасці, у Расіі, такія адукацыйныя форсайт-тэхналогіі, якія накіраваны на расчалавечванне чалавека.

Прыкладам можа служыць агульнаадукацыйны праект “Адукацыя 2030”. Аўтары дадзенага праекта прапануюць пабудаваць адукацыю такім чынам, каб цалкам звязаць мозг дзіцяці з камп’ютарам, рэалізаваць так званую нейраадукацыю. Яна не патрабуе ад дзіцяці вялікіх намаганняў, інфармацыя будзе перадавацца наўпрост у мозг, прафесія настаўніка будзе скасавана.

Сняжана Семярнік выказала меркаванне пра тое, што названыя праекты – гэта той варыянт будучыні, які распрацоўваецца зацікаўленымі суб’ектамі, перш за ўсё буйным бізнэсам. Дзіця для буйнога капіталу – не вольная самастойная асоба, але “рэсурс” для атрымання прыбытку, таму адукацыйныя праекты, фінансаваныя і падтрыманыя буйным капіталам, маюць на мэце не развіццё дзіцяці, як прызвычаіліся думаць прадстаўнікі традыцыйнай мадэлі адукацыі, але заняволенне яго, атрыманне за яго кошт матэрыяльнага прыбытку.

Таксама лектар адзначыла, што ўсё традыцыйнае, тое, што звязвае чалавека з культурай, рэлігіяй, найвышэйшымі духоўнымі каштоўнасцямі, сёння “ставіцца пад сумнеў” і

выцясняецца на задворкі скіраванага ў інавацыйную будучыню грамадства, паколькі здольнасць адрозніваць “дабро” і “зло” – задачы, якія ўвогуле не разглядаюцца як важныя ў новым алічбаваным грамадстве. Таму захаванне традыцыйных каштоўнасцей, традыцыйных (чалавечных і чалавечых у прамым сэнсе гэтага слова) формаў узаемадзеяння паміж людзьмі, традыцыйнай адукацыі – звышактуальная задача той часткі грамадства, якая не гатова была прыняць праекты па расчалавечванні чалавека праз сучасныя інавацыйныя тэхналогіі.

Лектар адзначыла неабходнасць стварэння альтэрнатыўнага праекта, у якім засталося б месца для традыцыйнага чалавека, такога, якім мы прызвычаіліся яго бачыць на працягу тысячагоддзяў і які ўсё яшчэ існуе, насуперак задумам суб’ектаў, што прасоўваюць контрчалавечыя інавацыі.

Вялікую ролю на шляху дасягнення названай мэты – захавання традыцыйнай чалавечнасці – выконвае рэлігія, уцаркоўленасць чалавека. Толькі пастаянныя намаганні па ачышчэнні ўласнай душы могуць дапамагчы захаваць здаровы сэнс і магчымасць адрозніваць ісціну і хлусню, рабіць правільны духоўны выбар, абараніць дзяцей ад маральнага эксперыментавання.

Сняжана СЕМЯРНІК, фота: Мікалай БАЙДА

8 снежня 2019 года Універсітэт сямейных ведаў “Радзіна” пры Свята-Пакроўскім саборы запрашае на сустрэчу “Роля бацькоў і дзядоў у фарміраванні асобы падлетка”. Лектар – псіхолаг Ганна Янчый. Пачатак а 10:30, актавая зала, вул. Акадэмічная, 2.

P.S. Сустрэчы адкрытыя не толькі для бацькоў нядзельнай школы. Сардэчна запрашаем.