Вечар памяці протаіерэя Мікіты Тамчука адбыўся ў Пакроўскім саборы

10 лістапада 2019 года ў Клубе праваслаўнай размовы пры Свята-Пакроўскім кафедральным саборы горада Гродна ўшанавалі памяць протаіерэя Мікіты Тамчука (1888-1956). У 1944 годзе святар стаўрапігіяльнага жаночага манастыра Нараджэння Прасвятой Багародзіцы ў Гродна айцец Мікіта быў незаконна арыштаваны і асуджаны на 20 год зняволення ў лагерах (рэабілітаваны ў 1992 годзе). На сустрэчы прысутнічалі нашчадкі і блізкія сям’і айца Мікіты, кандыдат гістарычных навук Святлана Сілава.

Настаяцель сабора протаіерэй Георгій Рой, акрамя ўступнага слова, падзяліўся ўражаннямі ад чытання перапіскі рэпрэсаванага святара са сваімі роднымі.

Успаміны ўнукаў айца Мікіты вельмі жыва ўзнавілі для прысутных атмасферу сям’і, якая захавала веру ў Хрыста, нягледзячы на пагрозу нястачы і смерці.

Святлана Уладзіміраўна Сілава з навукова-гістарычнага пункту погляду апісала той перыяд “савецкага” мінулага для праваслаўных нашага рэгіёна. Гісторык адзначыла, што ў Заходняй Беларусі пасля вызвалення ад фашыстаў і прыходу Чырвонай арміі было арыштавана і рэпрэсавана 96% праваслаўных святароў.

На выставе былі прадстаўлены фотаздымкі і кнігі з сямейнага архіва і фондаў Пакроўскага сабора.

Мікалай БАЙДА, Юрый ШАРАЙ