“Феномен няроўнасці як філасофская і сацыяльная праблема” – лекцыю ва Універсітэце сямейных ведаў “Радзіна” правяла філосаф Сняжана Семярнік

27 кастрычніка 2019 года ва Універсітэце сямейных ведаў “Радзіна” пры Свята-Пакроўскім кафедральным саборы горада Гродна лекцыя кандыдата філасофскіх навук, дацэнта кафедры філасофіі ГрДзУ імя Янкі Купалы Сняжаны Семярнік адкрыла новы сезон сустрэч. Тэма выступлення: “Феномен няроўнасці як філасофская і сацыяльная праблема”.

Лектар падкрэсліла, што існуюць розныя віды няроўнасці: біялагічная, сацыяльная, эканамічная, палітычная і г. д. У прыватнасці, адзначыла, што сацыяльная няроўнасць – форма дыферэнцыяцыі, пры якой асобныя індывіды, сацыяльныя групы, слаі, класы, знаходзяцца на розных ступенях вертыкальнай сацыяльнай іерархіі і валодаюць няроўнымі жыццёвымі шанцамі і магчымасцямі задавальнення патрэбнасцей.

На працягу ўсёй гісторыі існавання чалавецтва няроўнасць была неад’емным складнікам грамадскага ладу. Рабаўладанне, феадалізм, капіталізм – усе гэтыя грамадскія фармацыі легітымавалі ідэю няроўнасці, успрымалі яе як неад’емную соцыякультурную норму. Аднак, пачынаючы з эпохі новага часу, у грамадстве памнажаюцца спробы па пераадоленні сацыяльна-эканамічнай няроўнасці. Вяхамі на гэтым шляху сталі Французская рэвалюцыя з яе лозунгамі “Свабода, роўнасць і братэрства”, Кастрычніцкая рэвалюцыя, што заклікала “экспрапрыяваць” даброты ў “экспрапрыятараў” і г. д.

Пры ўсёй на першы погляд добранамернасці ідэі ўстанаўлення сацыяльнай роўнасці неабходна разабрацца ў духоўных каранях названых памкненняў. Высветліць, наколькі верным ёсць наша ўяўленне пра роўнасць. Гэта пытанне ўзнікае непазбежна ў сувязі з тым, што вынікі і наступствы рэвалюцый, што спрабавалі ўстанавіць роўнасць у грамадстве, уражваюць масштабам сваёй жорсткасці і разбуральнай сілы.

Пры больш дэталёвым аналізе сітуацыі высвятляецца, што глыбіннай асновай ідэі знішчэння няроўнасці нярэдка служыць такая загана чалавечай асобы, як зайздрасць. Зайздрасць – гэта адчуванне несправядліва размеркаваных даброт. Разуменне роўнасці, што грунтуецца на найгоршых праявах чалавечага духу, садзейнічаюць нарастанню ў грамадстве негатыўных тэндэнцый, што разбураюць яго. У прыватнасці, эксплуатацыя тэмы няроўнасці прасочваецца ў сферы адносінаў паміж поламі.

Сучасная культура, падтрымліваючы і развіваючы такія стратэгіі індывідуальнага і калектыўнага развіцця, якія злучаны з дасягненнем матэрыяльнага дабрабыту, кар’ернага росту і г. д., нівелююць значэнне дзейнасці, скіраванай на захаванне і падтрыманне сям’і. У выніку жанчыны, арыентуючыся на сацыяльнае прызнанне, не хочуць рэалізоўваць сябе ў якасці маці, жонкі, але мараць пра кар’еру бізнесмена, палітыка, грамадскага дзеяча і г. д., разгортваючы “сацыяльнае спаборніцтва” з мужчынамі. Тэндэнцыя маскулінізацыі паводзінскіх стратэгій жанчын спалучаецца з працэсам фемінізацыі паводзінаў мужчынаў, якія, у сваю чаргу, імкнуцца адмовіцца ад адказнасці, патэрналізму, фактычна становячыся дэзертырамі, што выракаюцца ўласнай палавой і сацыяльнай ідэнтычнасці.

 

Сняжана Здзіславаўна падкрэсліла, што вышэйназваныя працэсы не з’яўляюцца эпізодамі прыватнага жыцця сучасных людзей, але выступаюць заканамерным наступствам тых працэсаў, якія разгортваюцца сёння ў соцыуме. Тут маецца на ўвазе панаванне ў грамадстве такой соцыякультурнай парадыгмы, якая, аддаўшы забыццю духоўнае і маральнае, арыентуецца выключна на матэрыяльны дабрабыт, камфорт, геданізм.

Глабальны ўзровень сучасных тэндэнцый прыводзіць да таго, што тэма няроўнасці набывае новае прачытанне. Названы феномен зноў становіцца нормай грамадскіх стасункаў, робячы законным жаданне адных сацыяльных груп жыць закошт бессаромнага выкарыстання іншых. На фоне бязмежнага росту матэрыяльных запытаў членаў грамадства магчымасці па дасягненні шуканага дабрабыту імкнуцца да нуля. Менавіта таму ў сучасным грамадстве няроўнасць нарастае. Вырашыць гэту праблему можна толькі з духоўных пазіцый, сфарміраваўшы правільнае ўяўленне пра паняцці роўнасці і няроўнасці.

3 лістапада 2019 года Універсітэт сямейных ведаў “Радзіна” пры Свята-Пакроўскім саборы запрашае на сустрэчу па тэме “Чаму падлеткі складаныя?” (Псіхалагічныя характарыстыкі “складаных” падлеткаў). Лектар – псіхолаг Ганна Янчый. Пачатак а 10:30, актавая зала, вул. Акадэмічная, 2.

P.S. Сустрэчы адкрытыя не толькі для бацькоў вучняў нядзельнай школы. Сардэчна запрашаем.

Сняжана СЕМЯРНІК, фота: Мікалай БАЙДА