Міранская багаслоўская калегія пры Пакроўскім саборы была прынята ў члены Асацыяцыі Oikosnet

Гродзенская міранская багаслоўская калегія імя прападобнага Лявонція, архімандрыта Віленскага, што дзейнічае пры Свята-Пакроўскім кафедральным саборы, у верасні гэтага года была прынята ў члены Асацыяцыі Oikosnet – аб’яднання акадэмій і міранскіх цэнтраў Еўропы. Прыняцце Міранскай багаслоўскай калегіі ў склад Асацыяцыі адбылося на штогадовай Асамблеі арганізацыі Oikosnet, якая ў гэтым годзе прайшла з 11 па 15 верасня ў царкоўным цэнтры Agape ў паўночнай частцы Італіі.

Гэта арганізацыя дзейнічае з 1955 года і яднае больш за 40 міранскіх акадэмій з 18 краін Еўропы. Членамі арганізацыі з’яўляюцца прадстаўнікі Каталіцкай і Праваслаўнай Цэркваў, а таксама традыцыйных пратэстанцкіх канфесій. Сярод праваслаўных міранскіх акадэмій у Oikosnet прадстаўлены наступныя адукацыйныя цэнтры: Міранская акадэмія святога Епіфанія (Кіпр), Супраслеўская акадэмія (Польшча), Крыцкая акадэмія (Грэцыя), Новавалаамская вучэльня (Фінляндыя), Кірыла-Мяфодзіеўскі цэнтр (Мінск), Свята-Андрэеўскі інстытут (Масква), Міжправаслаўны цэнтр Пэндэлі (Грэцыя).

Членства ў Асацыяцыі Oikosnet дае магчымасць узаемаабмену досведам у арганізацыі навучальнага працэсу, сумеснай арганізацыі і правядзення канферэнцый і семінараў, рэалізацыі праграм узаемаабмену выкладчыкамі і студэнтамі. Штогод каля 200000 чалавек прымаюць удзел у мерапрыемствах, што арганізуюцца Асацыяцыяй Oikosnet.

Протаіерэй Георгій РОЙ​