Канцэрт-гісторыя да 100-годдзя Архіерэйскага хору адбыўся ў Пакроўскім саборы

19 верасня 2019 года ў Свята-Пакроўскім кафедральным саборы горада Гродна ўрачыстасці з нагоды 100-гадовага юбілею Архіерэйскага хору завяршыліся канцэртам-гісторыяй. Высокапраасвяшчэннейшы Арцемій, архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі, адкрыў сустрэчу, павіншаваў калектыў і ўручыў узнагароды. Раней уладыка наведаў рэгенцкую канферэнцыю “Актуальныя пытанні царкоўнага пеўчага мастацтва”.

Духоўныя песнаспевы ў выкананні сучаснага складу хору Пакроўскага сабора чаргаваліся з успамінамі ўдзельнікаў і кіраўнікоў калектыву мінулых гадоў, віншаваннямі гасцей.

Сярод іх варта адзначыць такіх вядомых у сферы пеўчага мастацтва асоб, як рэгент святочнага хору Мінскага Свята-Елісавецінскага манастыра манахіня Юліянія Дзянісава, доктар мастацтвазнаўства, прафесар кафедры беларускай і сусветнай мастацкай культуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Ларыса Аляксандраўна Густова-Рунцо, загадчык кафедры харавога дырыжыравання Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Інэса Міхайлаўна Бадзяка, рэгент і саліст хору “Усіхсвяцкі” Дзмітрый Такмакоў ды інш.

У завяршэнне дырыжор і рэгент протадыякан Дзімітрый і Юлія Шэпелевы падзякавалі Уладыку Арцемію, настаяцелю храма айцу Георгію, калектыў і гасцей, што ўшанавалі падзею сваёй прысутнасцю, за дапамогу, малітоўную падтрымку і жаданне раздзяліць радасць сустрэчы.

Вядоўцам канцэрту выступіў клірык храма протаіерэй Уладзімір Пятручык.

Фотасправаздача ТУТ

Мікалай БАЙДА