Дзейнасць сястрыцтва Пакроўскага сабора абмяркоўвалі на сустрэчы з духаўніком супольнасці і з настаяцелем храма

31 сакавіка 2019 года настаяцель Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора горада Гродна протаіерэй Георгій Рой і духаўнік прыходскага сястрыцтва імя святой Юліяніі Гальшанскай протаіерэй Уладзімір Барысевіч узначалілі сустрэчу супольнасці.

На працягу размовы айцец Георгій выразіў удзячнасць сёстрам за працу і дапамогу ў храме, выказаў пажаданні па развіцці дабрачыннай дзейнасці сястрыцтва: дапамогі пажылым прыхаджанам і арганізацыі сумесна з сацыяльнай службай Пакроўскага сабора кармлення насельнікаў дома начнога прабывання.

Духаўнік сястрыцтва айцец Уладзімір, акрамя ўсяго іншага, нагадаў пра важнасць для сястрыцтва сумеснай малітвы і прызывання Божай дапамогі ў працы.

Сёстры выказалі свае пажаданні, прапановы і заўвагі па арганізацыі супрацоўніцтва са службай прыбірання храма. Кіраўнік сястрыцтва Ірына Гез прапанавала графік мерапрыемстваў, запланаваных на найбліжэйшы месяц.

Мікалай​ БАЙДА