Хор Laudamus і духавенства Вышэйшай школы тэалогіі “Епіскап Мельхіседэк” (Румынія) прынялі ўдзел у Боскай літургіі ў Пакроўскім саборы

24 лютага 2019 года, у Нядзелю пра блуднага сына, Боскую літургію ў Свята-Пакроўскім кафедральным саборы горада Гродна адслужыў настаяцель протаіерэй Георгій Рой. Айцу настаяцелю саслужылі духаўнік Гродзенскай епархіі протаіерэй Андрэй Бандарэнка, свяшчэннікі Румынскай Праваслаўнай Царквы і протадыякан Дзімітрый Шэпелеў. Богаслужбовыя песнапенні выконвалі Архіерэйскі хор пад кіраўніцтвам Юліі Шэпелевай і хор Lаudamus Вышэйшай школы тэалогіі “Епіскап Мельхіседэк” (г. Раман, Румынія), рэгент – Паладэ Сініка.

Традыцыя сумесных богаслужэнняў на прыходах горада Гродна па заканчэнні міжнароднага фестывалю праваслаўных песнапенняў “Каложскі Благавест” уносіць, бадай, асаблівае адчуванне і напамін пра наднацыянальнасць саборнай малітвы.

На запрычасным вершы мірафорны протаіерэй Аляксандр Наздрын зачытаў пасланне мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі да архіпастыраў, кліру, манахаў і міранаў Беларускай Праваслаўнай Царквы ў сувязі са 180-годдзем Полацкага царкоўнага Сабора 1839 года, на якім было прынята рашэнне аб уз’яднанні беларускіх і літоўскіх уніятаў з Праваслаўнай Царквой.

Мікалай БАЙДА