Архіепiскап Арцемій - пропаведзь у дзень памяці навамучанікаў і вызнаўцаў расійскіх

Сённяшні нядзельны дзень, дарагія браты і сёстры, ёсць днём памінання ўсіх навамучанікаў і вызнаўцаў, забітых у ХХ стагоддзі ў перыяд страшных ганенняў на Рускую Праваслаўную Царкву.

Асаблівай выключнасцю вызначаецца шлях Праваслаўнай Царквы пасля 1917 года. Вырачаная ўладамі на поўнае знішчэнне, калі Праваслаўе ў поўным сэнсе гэтага слова выкарчоўвалася, яна працяглы час перажывала такія жорсткія ганенні, якія могуць параўнацца толькі з ганеннямі першых стагоддзяў хрысціянства. Здавалася, Царкве ўжо няма месца на зямлі.

У страшных умовах афіцыйна заахвочваемай агіды і матэрыяльнай нястачы духавенству вельмі складана было захаваць вернасць абранаму ў жыцці шляху пастырскага служэння, не паддацца спакусам гэтага свету, не адмовіцца ад свяшчэннага сану.

Чалавека няпроста пазбаўлялі Бога, але нават крэўных сувязяў, каб людзі перасталі адчуваць сябе народам, сям’ёй, асобай. Чалавек павінен быў напісаць у газету аб адрачэнні ад свайго бацькі-свяшчэнніка, а калі гэта дзіцё, то ад яго патрабавалася, каб ён выракся бацькоў, веры і Бога перад усім класам. “Сталін заменіць табе бацьку”, – казалі яму. Так настаў той самы момант, калі ўвесь народ можна было павязаць крывёю так, каб усе, хто жыве ў гэтай краіне, балі саўдзельнікамі аднаго злачынства. Хоць бы маўчаннем, але ўдзельнічалі ў гэтым страшным адрачэнні ад Бога.

Многія з тых, хто знайшоў у сабе сілы духоўна супрацьстаяць гэтаму гвалту, былі арыштаваныя і расстраляныя, сасланыя ў турмы, лагеры. І там цярпелі страшныя катаванні і мучэнні. Трэба было мець вялікую мужнасць, веру ў тое, што лепш быць з Богам, заставацца верным запаведзям Божым, але не згаджацца ні на якое зло нават на словах. Сказаць: не, я не згодзен.

У гэтых умовах вызнанне хрысціянства стала подзвігам. Вызнаўцы веры і навамучанікі, знешне бяссільныя перад карнай машынай атэістычнай дзяржавы, не пайшлі на духоўны кампраміс і коштам страт і нават цаной уласнага жыцця засведчылі веру, якая перамагае свет. Яны даказалі, што хрысціянства – гэта падмурак жыцця, а Хрыстос – найвышэйшая каштоўнасць і ісціна, адрынуць якую раўназначна духоўнай смерці.

Кроў мучанікаў – семя Царквы, з якога нараджаюцца новыя пакаленні хрысціянаў. І гэта менавіта таму, што сваім подзвігам мучанікі сведчаць пра сілу благадаці Божай, якая пераўтварае чалавека, пра ісціну Уваскрасення Хрыстова. Мучанікі і вызнаўцы веры праходзяць шляхам Хрыстовым: праз гефсіманскую барацьбу, публічнае ганьбаванне і крыжовыя пакуты да Вечнага жыцця. Прыпадабняючыся ў гэтым да Збаўцы, яны дасягаюць дасканаласці веры. Добраахвотна прымаючы выпрабаванні і смерць, яны набываюць радасць адзінства з Богам. Пагэтаму трагічная гісторыя нашай Царквы ў мінулым стагоддзі адначасова ёсць і і яе слаўнай гісторыяй.

Калі пачыналіся гэтыя ганенні, многія задаваліся пытаннем, чаму ж гэта адбылося на Святой Русі? Чаму сталі мажлівымі гэтыя ганенні на Царкву рукамі яе нядаўніх духоўных чадаў?

На жаль, калі мы гаворым пра духоўна-гістарычнае жыццё, якой жыла Расія напярэдадні 1917 года, нам вельмі часта зараз уласціва не бачыць многія з тых недахопаў, якія тады існавалі. Сапраўды, Расійская Праваслаўная Царква была найбуйнейшай памеснай праваслаўнай царквой у свеце, яе духавенства было самым адукаваным, яе багацці непараўнальныя з багаццямі ніякой іншай памеснай праваслаўнай царквы. Колькасць храмаў, манастыроў пераўзыходзіла многія памесныя цэрквы праваслаўнага свету. І знаходзілася яна пад абаронай праваслаўнай манархічнай улады. Усё здавалася непахісным, усё здавалася пабудаваным на стагоддзі, але ўжо тады ў Царкве былі тыя, хто вольна ці міжволі разбураў яе. Былі фанабэрыстыя, далёкія ад сваёй паствы і свайго духавенства архіерэі, якія не хацелі ведаць патрэб сваіх епархій, былі свяшчэннікі, мітуслівыя, карыслівыя, якія думалі толькі пра ўласны зямны дабрабыт і не клапаціліся аб патрэбах сваёй паствы. Былі лянівыя і недасведчаныя манахі. І, нарэшце, былі праваслаўныя міране, большая частка якіх прычашчалася толькі раз на год, пераважная большасць якіх успрымала царкоўнае жыццё ўсяго толькі як ганаровую побытавую традыцыю.

Царква ў імперыях жорсткай рукой дзяржаўных інтарэсаў прыніжалася да ўзроўню прыкладной зброі па рашэнні зямных задач, такім чынам вера станавілася сурагатам у выглядзе вялікадзяржаўных ды іншых ідэй. Свяціцель Філарэт, мітрапаліт Маскоўскі, у свой час напісаў імператару Мікалаю І: “Вы паставілі Царкву на калені. Сцеражыцеся! Наступным стане Ваш прастол”. І час пацвердзіў слушнасць яго словаў.

Менавіта гэтыя людзі, самі таго не ведаючы, пастаянна спакушаючы адзін аднаго, страчвалі веру і забівалі веру. Менавіта з-за гэтых пастыраў, якія не выконвалі свайго доўгу, і праз такіх прадстаўнікоў паствы, што жылі так, быццам Царква не мае ніякага дачынення да іх, з іх жа асяроддзя выходзілі тыя, хто гатовы быў знішчаць Царкву, забіваць духавенства. І, магчыма, самая сумная акалічнасць таго часу заключалася ў тым, што, калі ганенні на Царкву абрушыліся, у першую чаргу гінулі менавіта тыя архіерэі, менавіта тыя святары, менавіта тыя манахі і тыя міране, якія наадварот выяўлялі ў поўнай меры ўвесь ідэал Хрыстовага жыцця на зямлі. Царкву гналі праз найгоршых, а гінулі перш за ўсё найлепшыя.

Зусім няшмат было тых праваслаўных міранаў, якія спрабавалі, ахвяруючы сабой на полі барацьбы, абараніць праваслаўе. Тых, хто будзе спрабаваць актыўна абараняць сваю Царкву, сваіх свяшчэннікаў, як правіла, амаль усіх знішчаць.

А вось тыя, што адыдуць у бок і якіх будзе большасць, паступова будуць прыходзіць у духоўнае запусценне, і раўнадушша іх будзе паступова распаўсюджвацца на ўсіх і на ўсё, акрамя аднаго: ім будзе вельмі хацецца жыць, вельмі хацецца выжыць, выжываць заўсёды, выжываць любым коштам, у любых умовах. Гэта будзе тое самае асяроддзе, з якога мы з вамі выйшлі, у якім мы з вамі вырасталі і ад якога, напэўна, у той ці іншай ступені не можам вызваліцца нават зараз, ужо многія гады з’яўляючыся людзьмі царкоўнымі. І гэта будзе плата за выбар бацькоў, гэта будзе плата за тое, што яны таксама спрабавалі жыць, выжываючы, а не жывучы. І гэта самае страшнае.

Нават пазіцыянуючы сябе як праваслаўных хрысціянаў, мы застаемся ранейшымі людзьмі, якія ў любы момант гатовы пакінуць свае высокія ідэалы, як толькі пачнуць змяняцца акалічнасці. Не толькі гістарычныя, культурныя, палітычныя, але і проста жыццёвыя, асабістыя, побытавыя. І гэта натуральна. Гэта натуральна таму, што грэх адных у пэўнай ступені мае здольнасць да развіцця, да ўзрастання ў душах тых, хто фарміруецца пад уплывам сваіх грэшных не толькі прадзедаў, але і бацькоў.

І хоць ганенні на Царкву працягваліся ажно да 1990 года – схаваныя, хітрыя, каварныя, адбыўся цуд – Праваслаўная Царква не перастала існаваць.

Царква выстаяла, захавала сваю веру і сваё адзінства коштам крыві шматлікіх вызнаўцаў і навамучанікаў, якія ёсць нашымі прадстацелямі і малітоўнікамі перад Богам.

Руская Царква – Царква ганімых. І пакуль яна будзе такой, яна будзе і Хрыстовай, і праваслаўнай. Не дай нам Бог пераўтварыцца з ганімых у ганіцеляў, не дай нам Бог пераўтварыцца ў свецкую ўладу і такім чынам здрадзіць Хрысту.

Наш з Вамі час нічым не адрозніваецца ад іншых. І сёння чалавечыя філасофіі, палітычныя канцэпцыі нярэдка супярэчаць веры ў Хрыста Іісуса, і ад нас патрабуюцца мужнасць і сіла заставацца вернымі Богу, захоўваць веру ў Госпада і Збаўцу.

Звядзенне задач Царквы да вырашэння зямных праблем і прывядзе хрысціян, якія падпалі абміршчэнню, да непрыкметнага прыняцця антыхрыста. Той, хто занадта апантана шукае дабрабыту, рызыкуе страціць свой сэнс, растварыцца ў гэтым свеце, злучыцца з ім у той час, калі раптоўна адбудзецца яго крушэнне.

Ці не аб гэтым незадоўга да рэвалюцыі папярэджвалі свяціцелі Філарэт Маскоўскі, Ігнацій Бранчанінаў і Феафан Затворнік, святы праведны Іаан Кранштацкі, свяшчэннамучанік Іаан Васторгаў ды іншыя нашы пастыры? Здавалася б, Праваслаўе – моцная сіла, і вогненная спакуса паказала, што гэта сапраўды так, але адначасова раскрылася, што такое “знешняя бачнасць”. Працінаючы будучыню сваім празорлівым поглядам, свяціцель Феафан Затворнік казаў, што настане час, калі ўсё будзе павярхоўна, усе чыны, усе парадкі, уся знешнасць, уся служба – усё будзе, а ўнутры – поўная здрада духу Хрыстову…

Са слоў святых айцоў, у апошнія часы хрысціяне будуць ратавацца не столькі подзвігам малітвы і паста, колькі цярплівым нясеннем пакут і вызнаннем ісціны з адвяржэннем усялякай ілжы, пануючай у свеце. Святыя айцы шмат разоў гаварылі, што хрысціянін, які акажацца верным Свайму Госпаду ў гэтыя апошнія часы, згодна з судом праўды Божай акажацца вышэйшым за вялікіх падзвіжнікаў старажытнасці!

І вось ужо амаль 30 год мы жывём ва ўмовах, калі мы сапраўды свабодныя, адкрываюцца ўсё новыя і новыя храмы і манастыры, значна павялічваецца колькасць пастыраў, але ці ўсё так добра, як нам калісьці марылася? На жаль, не.

Здавалася б, кананізацыя Сабора навамучанікаў павінна была прымусіць нас скалануцца з прычыны таго, што было. Бо сапраўды, праславіўшы ў Саборы навамучанікаў пераважна забітых святароў, мы тым самым пабудзілі сябе задумацца. Але мы не памятаем пра іх.

Навамучанікі і вызнаўцы заклікалі нас да пакаяння. Яны не хацелі, каб царква ўзнаўляла сябе такой, якой яна была, скажам, у перадрэвалюцыйны час. А для нас перадрэвалюцыйны стан царквы зараз – гэта ледзь не ідэал, да якога трэба імкнуцца!

Айцец Сергій (Савельеў) бачыў корань усіх бед у срэбралюбстве, ён лічыў, што гістарычнае хрысціянства ледзь не загубіла сябе, пачынаючы з эпохі імператара Канстанціна, менавіта саюзам з дзяржавай, са знешнімі сіламі, менавіта жаданнем зручнага жыцця, камфартабельнага, спакойнага, сытага. Ад таго хрысціянства зараз вельмі часта ёсць “соллю сапсаванай”, якая страціла сілу, як пасмешышча сярод людзей. Людзі прыходзяць да хрысціянства ў пошуках эстэтычных асалод. Але вось пра Любоў, пра Свабоду, пра Ісціну, прымаючы Праваслаўе, кажуць рэдка.

Гасподзь кажа Сваім вучням, хаця б некаторым з нас: “Пакінь усё і ідзі следам за Мною”. Ён кажа пра крыж, які нам трэба несці.

Але мы застаемся пасіўнымі, нібы чакаем цуду. А такое пасіўнае чаканне цуду асуджана Самім Госпадам. Малітва і ўздыханні, калі за імі не следуе духоўная актыўнасць, прыводзяць да самападману, да душэўнай пустаты і да расчараванняў. Тыя, хто называюць сябе праваслаўнымі хрысціянамі, каму запаведана адзінства веры ў Хрысце, раздзіраюць рызу Хрыстову, кіруемыя палітычнымі меркаваннямі бязбожных уладароў.

Самы ж страшны спосаб багаборніцтва і знішчэння Праваслаўнай Царквы на цяперашні час – гэта скажэнне ісціннага хрысціянства і падмена яго ілжывым. Носячы на сабе крыжы, наведваючы храмы, мы вельмі часта не выконваем свайго хрысціянскага доўгу, мы самі падчас так ці іначай аказваемся ганіцелямі Царквы, не ўсведамляючы гэтага. І толькі малітвамі гэтых самых навамучанікаў наша царкоўнае жыццё яшчэ працягваецца.

Хацелася б верыць, што мы, асэнсаваўшы нашу складаную гісторыю ў ХХ ст. і ажыццявіўшы працу над памылкамі, зможам задаць верныя арыенціры духоўнаму развіццю грамадства на новым этапе. Уяўлялася даволі натуральным, што мы, прынёсшы шчырае пакаянне за наша багаборніцкае мінулае, ачысціўшы душы ад страсцей і комплексаў, годным, адухоўленым, узвышаным хрысціянскім жыццём з адноўленым сэрцам станем будаваць нашу Царкву ў любові і вернасці Хрысту Збаўцу. Амінь

Глядзіце навіны жыцця сабора  www.youtube.com/c/СвятоПокровскийсоборГродно.

Мікалай БАЙДА