Іконы навамучанікаў у Свята-Пакроўскім кафедральным саборы горада Гродна

Па завяршэнні рэстаўрацыйных работ у 2006 годзе ў цэнтральным нефе Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора быў размешчаны рад новых іконаў навамучанікаў і вызнаўцаў, якія пакутавалі ў гады ганенняў ад багаборчай савецкай улады. Ідэя напісання такога іканаграфічнага рада належала Высокапраасвяшчэннейшаму Арцемію, архіепіскапу Гродзенскаму і Ваўкавыскаму.

Іконы, што знаходзяцца на стаўпах храма, закліканы паказаць, што Царква стаіць на крыві мучанікаў. Іконы рэалістычныя і паказваюць святых і іх катаў. Усе гэтыя падзеі нядаўняга мінулага нашага народа і перасцярога сучаснікам ад выбару шляхоў няпраўды.

Серыя налічвае 10 абразоў. Некаторыя з іх адносяцца да стылю жыційных іконаў. Навамучанікі паўстаюць перад намі ў галоўны момант свайго жыцця – прыняцця “цярновага вянца” за вернасць Госпаду Іісусу і за сваю веру. Усе іконы былі напісана іканапісцам Антоніем Дайнекам у іканапісных майстэрнях Свята-Елісавецінскага манастыра Мінскай епархіі. Некаторыя з іконаў з’яўляюцца спісамі клеймаў іконы “Сабор навамучанікаў і вызнаўцаў Расійскіх, якія за Хрыста пацярпелі, вядомых і невядомых”, праслаўленых на Юбілейным Архіерэйскім Саборы 13-16 жніўня 2000 года.

Сюжэты 3-х іконаў (свяшчэннамучаніка Іаана, архіепіскапа Рыжскага, і свяшчэннамучаніка Паўліна, архіепіскапа Магілёўскага, прападобнамучаніка Серафіма Жыровіцкага) упершыню распрацаваны ў іканапісных майстэрнях Свята-Елісавецінскага манастыра.

1.Свяціцель Ціхан

З 1917 па 1925 год Маскоўскі патрыяшы прастол займаў свяціцель Ціхан (Бялавін). Да свайго абрання на патрыяршаства ён займаў Алеуцка-Аляскінскую і Віленскую кафедры, дзе раскрыўся яго пастырскі талент. Менавіта яму Провід Божы наканаваў узначаліць Рускую Праваслаўную Царкву ў першыя гады бальшавісцкіх ганенняў. Да свяціцеля беспаспяхова падсылалі наёмных забойцаў, прыцягвалі да суда, трымалі пад арыштам. На іконе выяўлены момант знаходжання свяціцеля Ціхана пад арыштам у Данскім манастыры.

2.Свяшчэннамучанік Веніямін

З 1917 года Петраградскую кафедру займаў свяшчэннамучанік Веніямін (Казанскі). У 1920-х гадах на Паволжы пачаўся інспіраваны бальшавікамі голад. Мітрапаліт Веніямін звярнуўся да ўлады з прапановай сабраць па храмах ахвяраванні ў дапамогу тым, хто галадае. На гэту прапанову быў дадзены цынічны адказ, што ніякай ахвяры не патрэбна – усё будзе адбірацца гвалтоўна. У хуткім часе за “супраціўленне” канфіскацыі царкоўнай маёмасці мітрапаліт Веніямін разам з групай святароў і вернікаў быў арыштаваны. Пасля паказальнага суда мітрапаліт Веніямін, архімандрыт Сергій, прафесар Юрый Навіцкі і юрысконсульт Іаан Каўшараў былі расстраляныя ў ноч з 12 на 13 жніўня 1922 года. Папярэдне ўсе былі паголеныя і апранутыя ў лахмоцце, каб немагчыма было пазнаць, што расстрэльваюць духавенства.

3.Свяшчэннамучанік Уладзімір, мітрапаліт Кіеўскі.

Мітрапаліт ёсць першамучанікам у доўгім спісе забітых і закатаваных архіерэяў Рускай Праваслаўнай Царквы. У 1915 годзе за выкрыццё Распуціна мітрапаліт Уладзімір быў высланы з Петраграда ў Кіеў. Вечарам 6 лютага 1918 года мітрапаліт Уладзмімір адслужыў апошняе набажэнства ў сценах Кіева-Пячэрскай Лаўры. У наступную ноч у яго келлю ўварваліся чырвонаармейцы на чале з камісарам. Яны вывелі мітрапаліта Уладзіміра за браму лаўры і расстралялі. Памесны сабор, што тым часам адбываўся ў Маскве пастанавіў штогод 7 лютага, у дзень забойства мітрапаліта Уладзіміра, ушаноўваць памяць усіх памерлых у чае ганенняў вызнаўцаў і мучанікаў.

4.Свяшчэннамучанік Пётр Палянскі

Свяшчэннамучанік Пётр (Палянскі) быў адным з галоўных памочнікаў і паплечнікаў патрыярха Ціхана. У 1920 годзе, у час бальшавісцкіх ганенняў, якія павялічваліся, былы наглядчык Жыровіцкай духоўнай вучэльні Пётр Палянскі прымае манаскі пострыг і епіскапскае пасвячэнне. У тым жа годзе ён адпраўляецца ў першую ссылку. Пасля смерці патрыярха Ціхана свяціцель Пётр на кароткі час узначальвае Рускую Праваслаўную Царкву. 10 снежня 1925 года ён зноў арыштаваны. Дванаццаць год неверагодных мучэнняў (1925-1937): турмы, катаванні, ссылка ў зімовішча Хэ, восем год у адзіночнай камеры – не змаглі яго зламаць. Месцаахоўнік патрыяршага прастола мітрапаліт Павел быў расстраляны

5. Свяшчэннамучанік Паўлін, архіепіскап Магілёўскі

Будучы свяціцель нарадзіўся ў 1879 г. у Пензенскай губерні. З юных гадоў ён гарэў жаданнем цалкам прысвяціць сябе служэнню Богу і ў хуткім часе прыняў манаскі пострыг і сан іераманаха. Епіскапскі сан ён прымае ў 1921 г., у цяжкі час ганенняў. Лагодна і пакорна ён перанёс арышт і ссылку ў Сібір.

У 1933 г. архіепіскап Паўлін быў прызначаны на Магілёўскую кафедру, на якой знаходзіўся да 1936 г. У Магілёве ён быў арыштаваны і аддадзены ў турму. Яму прад’явілі абвінавачванні ў надуманых злачынствах, затым ён быў пераведзены ў турму г. Мінска. На судзе ўладыка вызнаў веру ў Бога і адрынуў усе паклёпніцкія абвінавачванні, пасля чаго быў адпраўлены ў канцлагер.

У 1937 г. Паўлін, архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі, быў прыгавораны да расстрэлу. З лістапада таго года вырак быў выкананы.

У 2000 г. на Юбілейным Архіерэйскім Саборы Рускай Праваслаўнай Царквы ўладыка Паўлін быў кананізаваны.

Ікона свяшчэннамучаніка Паўліна, архіепіскапа Магілёўскага і Мсціслаўскага, распрацавана і напісана ў Свята-Елісавецінскім манастыры Мінскай епархіі.

6.Свяшчэннамучанік Іаан, архіепіскап Рыжскі

Будучы свяціцель нарадзіўся ў латышскай праваслаўнай сям’і ў студзені 1876 г. У 1897 г. скончыў Рыжскую духоўную семінарыю, а ў 1900 г. паступіў у Кіеўскую Духоўную Акадэмію. Пасля прыняцця манаскага пострыгу ісана выкладаў у розных семінарыях. У 1907 г. іераманах Іаан становіцца рэктарам Віленскай духоўнай семінарыі. Адначасова ён займаецца адраджэннем старажытнага Свята-Троіцкага манастыра. У 1912 г. адбылася яго хіратонія у епіскапа Слуцкага. Пасля падзей 1917 г. епіскап Іаан, ужо будучы ў Расіі, некалькі разоў быў арыштаваны. У 1921 г. па запыце праваслаўных Латвіі свяціцель Ціхан прызначае яго архіепіскапам Рыжскім і ўсяе Латвіі. У 1925 г. уладыка Іаан абіраецца на сойм, дзе ён абараняе правы вернікаў. Ім была узноўлена работа Рыжскай духоўнай семінарыі.

У ноч з 29 на 30 верасня (ст. ст.) 1934 г. епіскап Іаан быў зажыва спалены на дачы. Гэты сюжэт знайшоў увасабленне ў іконе, якая была выкананана ў іканапіснай майстэрні Свята-Елісавецінскага манастыра Мінскай епархіі.

7.Свяшчэннамучанік Гермаген, епіскап Табольскі

Свяшчэннамучанік Гермаген, епіскап Табольскі і Сібірскі, нарадзіўся 25 красавіка 1838 г. у сям’і аднаверніцкага святара Херсонскай епархіі. У Наварасійску скончыў юрыдычны, матэматычны і гісторыка-філалагічны факультэты. Затым паступіў у Санкт-Пецярбургскую духоўную акадэмію, дзе прыняў манаства і сан іераманаха. Пасля рэктарства ў Ціфліскай духоўнай семінарыі быў высвенчаны на епіскапа Вольскага, вікарыя Саратаўскай епархіі, а праз 2 гады, у 1903 г., прызначаны епіскапам Саратаўскім і запрошаны для паседжання ў Сінод. Усё яго служэнне адрознівалася незвычайным гарэннем духа і ахвярнасцю. За выкрыццё нячэсця Г.Распуціна ўладыка Гермаген быў сасланы ў Жыровіцкі манастыр.

Пасля лютаўскага перавароту 1917 г. прызначаны на кафедру ў Табольск, дзе і прыняў пакуніцкую смерць. У ноч з 15 на 16 чэрвеня 1918 г. уладыка Герман з камнем на шыі быў кінуты бальшавікамі з парахода “Ака” ў раку Туру. Выява з гэтым сюжэтам узята з 4-га кляйма іконы навамучанікаш Расійскіх з храма Хрыста Збаўцы.

8.Свяшчэннамучанік Мітрафан, архіепіскап Астраханскі

Выдатны іерарх РПЦ пачатку ХХ ст., ураджэнец Варонежскай зямлі – свяшчэннамучанік Мітрафан – большую частку свайго служэння правёў на Беларусі. У 1902 г. ён быў прызначаны рэктарам Магілёўскай духоўнай семінарыі. У 1907 г. адбылося яго пасвячэнне ў епіскапа Гомельскага, вікарыя Магілёўскай епархіі. У 1910 г. епіскап Мітрафан прымаў удзел у перанясенні мошчаў прп Еўфрасінні Полацкай з Кіева ў Полацк. У 1912 г. ён быў прызначаны епіскапам Мінскім і Тураўскім. Новы Мінскі епіскап асабліва клапаціўся пра ўшанаванне памяці беларускіх святых. У 1916 г. епіскап Мітрафан быў пераведзены ў Астрахань. На памесным саборы 1917-1918 гг. ён быў старшынёй аддзела вышэйшага царкоўнага кіравання і выканаў важную ролю ў аднаўленні патрыяршаства. Уладыка Мітрафан, да таго часу ўзведзены ў сан архіепіскапа, прыняў пакутніцкую смерць 23 чэрвеня 1919 г. паводле ст. ст. у Астрахані. На іконе выяўлены расстрэл Астраханскага хрэснага ходу. Выява ўзята з 10-га кляйма іконы Навамучанікаў з храма Хрыста Збаўцы.

9. Свяшчэннамучанік Іаан, епіскап Мазырскі

Іван Пашын нарадзіўся ў Петрыкаве ў сям’і святара. Па сканчэнні Мінскай духоўнай семінарыі іерэй Іаан Пашын пачаў свой пастырскі шлях на прыходах Мінскай епархіі, у 1909 г. быў прызначаны настаяцелем царквы святога вялікамучаніка Георгія сяла Прылепы, дзе ён слуыў на працягу 15 год і пабудаваў новы храм. У 1923 годзе адбылася хіратонія аўдавелага святара Іаана Пашына ў епіскапа Мазырскага. За выкладанне Закону Божага ўладыку Іаану забараняюць пражыванне ў буйных гарадах. Ён працягнуў сваё служэнне ў Лоеве. У 1926 годзе быў прысуджаны да ссылкі ў “Зыранскі край”, а па адбыцці ссылкі быў накіраваны на месца жыхарства ў г.Рыльск Курскай вобласці. У 1932 годзе адбыўся новы арышт уладыкі Іаана і асуджэнне на 10 год канцлагераў. Епіскап Мазырскі Іаан загінуў, адбываючы зняволенне.

10.Прападобнамучанік Серафім, архімандрыт Жыровіцкі.

Архімандрыт Серафім Жыровіцкі нарадзіўся на Палесі ў сям’і сялянаў. У 1922 годзе ён паступіў на паслушанне ў Жыровіцкі манастыр. У 1924 годзе ён прыняў манаскі потсрыг, а затым пасвячоны ў іераманахі. У жніўні 1941 г., карыстаючыся тым, што ўсходняя частка Беларусі была акупаваная немцамі, айцец Серафім разам са сваім сябрам і паплечнікам іерэем Грыгорыем Кударэнка адправіліся адкрываць ва ўсходніх абласцях Беларусі закрытыя камуністамі храмы. Дзякуючы іх дзейнасці ў дзясятках цэркваў узнавіліся набажэнскае і прыходскае жыццё. У 1944 годзе а. Серафім быў арыштаваны па абвінавачванні ўсупрацоўніцтве з акупантамі. На допытах ён катэгарычна абвяргаў гэта абвінавачванне, муна вызнаваў сваю веру ў часе здзекаў і катаванняў. Верагодна, крывавыя допыты НКУС і сталі прычынай смерці архімандрыта Серафіма.