Званы – голас храма. Свята-Пакроўскі сабор вылучаецца з шэрагу падобных яму храмаў сваёй званіцай, вышыня якой складае каля 30 метраў. Летам 1907 года незадоўга да асвячэння храма на званіцу былі паднятыя 9 званоў агульнай вагой 485 пудоў. Вага самага вялікага звона складаў 301,5 пудоў.
У 1915 годзе пры набліжэнні фронта да Гродна званы Пакроўскага саборы былі зняты са званіцы і вывезены з горада. Такая ж доля напаткала і 12 званоў Свята-Сафійскага кафедральнага сабора, сярод якіх быў самы вялікі ў Беларусі звон вагой у 633 пуды (10,3 т). Па некаторых дадзеных адзін з гродзенскіх званоў вагой прыкладна ў 3 тоны знаходзіцца зараз у Літве ў г. Каўнасе.
Пасля ўзнаўлення набажэнства ў 1919 годзе на званіцы Свята-Пакроўскага сабора званоў не было. Магчыма, замест званоў выкарыстоўваліся гукаімітатары. З 1920 г. пачалі збіраць новую звонавую фамілію. У асноўным гэта былі званы сярэдніх і маленькіх памераў. На званіцы не хапала самага вялікага, так званага святочнага звона.
Збор сродкаў на адліццё галоўнага звона для званіцы Свята-Пакроўскага сабора абвясціў яго настаяцель протаіерэй Ананій Сагайдакоўскі. Ён натхніў прыхаджан на збор медзі і грошай для таго, каб зрабіць новы звон. У 1935 годзе неабходная колькасць металу і грашовых сродкаў, неабходных для адліцця новага кампана, былі сабраныя. Заказ быў зроблены на звоналіцейным заводзе братоў Фільчынскіх у Перамышлі.
Новы звон меў вагу ў 100 пудоў і каштаваў 7500 злотых. Яго гук настроены на тон “рэ”. На самім звоне маецца надпіс: “Свят, свят, свят, Господь Бог – Саваоф”, КОЛОКОЛ СЕЙ ОТЛИТЬ НА ПОЖЕРТВОВАНИЯ ГРОДНЕНСКОГО СОФИЙСКОГО ПРАВОСЛАВНОГО БРАТСТВА ЖИТЕЛЕЙ Г. ГРОДНО И ЕПАРХИИ И НА ДОБРООХОТНЫЕ ЛЕПТЫ Р.Б. ЕЛЕНЫ, АЛЕКСИЯ, ОНУФРИЯ, ИОСИФА И ПРИХОЖАН СОБОРА, 1935 ГОДА В 1-Й ДЕНЬ ОКТЯБРЯ ПРИ ПРЕОСВЯЩЕННЕЙШЕМ ЕПИСКОПЕ АНТОНИИ СТАРАНИЕМ МИТРОФОРНОГО ПРОТОИЕРЕЯ АНАНИИ САГАЙДАКОВСКОАГО И СОБОРНОГО КТИТОРА ИОАННА ЯРМОЛОВИЧА» (“Святы, святы, святы, Гасподзь Бог – Саваоф”, “звон гэты адліць на ахвяраванні Гродзенскага Сафійскага праваслаўнага брацтва жыхароў г. Гродна і епархіі і на добраахвотныя лепты рабоў Божых Алены, Аляксія, Ануфрыя, Іосіфа і прыхаджан сабора, 1935 г. у 1-ы дзень кастрычніка пры праасвяшчэннейшым епіскапе Антоніі стараннем мітрафорнага протаіерэя Ананіі Сагайдакоўскага і саборнага кцітара Іаана Ярмаловіча”).
Унутры звона маецца надпіс алейнай фарбай: “Последний звон колокол 1972” (апошні раз білі ў гэты звон у 1972 г.). Магчыма, хтосьці спрабаваў адлюстраваць для гісторыі год, калі забаронена было біць саборныя званы. У сапраўднасці, звон быў забаронены прыкладна 10-ю гадамі раней.
Звонавая фамілія Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора апошні раз папоўнілася ў год 100-гадовага юбілею сабора чатырма новымі званамі. На сённяшні дзень на саборнай званіцы знаходзяцца 10 званоў. Самы стары звон датуецца 1885 годам.
У 20-я гады ХХ стагоддзя званаром сабора лічыўся Раман Шавярук, які пэўны час з сям’ёй пражываў у падалтарных памяшканнях сабора. Да Першай сусветнай вайны ён выконваў абавязак званара гродзенскага Сафійскага сабора.
Курсы званароў
З 2010 года Свята-Пакроўскі кафедральны сабор праводзіць набор на курсы званароў. Слухачамі курсаў могуць быць усе ахвотныя. Тэрмін навучання разлічаны на 2 месяцы. У часе навучання слухачы знаёмяцца з гісторыяй званоў і царкоўнага звону, набываюць навыкі звону. Заняткі праходзяць на саборнай званіцы. Працай курсаў і навучаннем кіруе званар Пакроўскага сабора Юлія Мінчанка – пераможца розных конкурсаў званароў.
Протаіерэй Георгій РОЙ