ПАКАЯННЕ Ў НЕСВАБОДЗЕ

«У гэты святочны дзень, паважаныя тав... паважаны айцец Георгій, запрашаю вас паразмаўляць у «Анфасе» на рэвалюцыйную тэму» — сёмага лістапада я напісала айцу Георгію Рою такі фэйсбучны ліст. «Лена, я папросту баюся. Трэба больш разважлівага і спакойнага чалавека рабіць героем гэтага матэрыялу», — адказаў святар, чаго і трэба было чакаць. Гэта тэма, якую не любяць, абыходзяцца па магчымасці агульнымі адказамі, бо ёсць нешта недамоўленае, недавырашанае ў ёй. Заклікаюць да ўсведамлення і не ведаюць, як яе патрэбна асэнсаваць, намагаюцца прыняць як гістарычны факт, але ён па-ранейшаму моцна ўплывае на нашае жыццё. Дык што ж рабіць з рэвалюцыяй? Як спарадкаваць у розуме ўсё, што датычыцца яе, і як жыць з гэтымі ведамі сёння? Разважаем.

— Чаму вы ўсё ж асцерагаецеся размаўляць на гэту тэму?

— Таму што яна вельмі кантраверсійная. Падзяліла аднойчы людзей, прывяла да крывавага супрацьстаяння і, на жаль, працягвае падзяляць. З аднаго боку, я як святар разумею, што не магу маўчаць, таму што рэвалюцыя пакінула вельмі глыбокую рану на целе нашага народа і ўсіх тых, якія ўваходзілі ў склад Расійскай Імперыі. Але, з другога боку, усведамляю, што я абмежаваны ў магчымасці сваіх ацэнак і вывадаў, таму што гэта можа паглыбіць падзяленні.

— Але ж у вас ёсць свае адносіны да яе.

— Несумненна.

— Якім чынам яны склаліся?

— Па-першае, паўплывала гісторыя маёй сям’і. Для родных гэта было вельмі моцнае выпрабаванне. Тое, што мае продкі збіралі з пакалення ў пакаленне, было фактычна адабрана, і яны вымушаны былі ісці ў калгасы, адмовіўшыся ад усяго. Пры гэтым выдатна разумелі, што іх магло чакаць,калі яны не пагодзяцца з абставінамі. Мяне выхоўваў больш за ўсё дзед, дык ён ніколі ніводнага добрага слова пра камуністаў не сказаў. Я памятаю той дзень, калі разваліўся Савецкі Саюз, дык для дзеда гэта было свята. Ну а акрамя сям’і ўплывала проста вывучэнне гісторыі. Сам факт пакутаў мільёнаў людзей, якіх проста па-жывому ў самых жудасных формах катавалі і забівалі. Я, зразумела, не магу сказаць, што гэта было добра. А калі людзі не ўсвядомілі зла, якое рабілася, значыць, гэтыя прывіды, напэўна, жывуць. Таму як чалавек, як грамадзянін і тым больш як святар я лічу сваім абавязкам памятаць пра гэта і другіх заклікаць да памяці. Гэта гісторыя майго народа, таму за яе я перажываю, буду шмат гаварыць пра яе і буду цікавіцца ёю. Я не магу рабіць выгляд, што ўсё было добра. Не магу пагадзіцца з тым меркаваннем, што ўсё дрэннае папросту трэба забыць і перастаць варушыць старыя раны.

— А вось як гэтым цікавіцца? Ёсць пэўная інфармацыя, мне абурацца ці гадзінамі пра рэвалюцыю разважаць? Навошта і што далей?

— Ёсць такая праца, якую чалавек павінен выконваць заўсёды. Гэтая праца завецца пакаяннем. Калі чалавек хоча захаваць сябе для Бога, захаваць сваю асобу, ён павінен праходзіць вось праз гэты працэс пакаяння – усведамлення сваіх памылак. Гэта тычыцца як асобнага чалавека, так і народа. Вось мне здаецца, што рэвалюцыя, камунізм – гэта наш агульны грэх. І я лічу, што нашаму народу было б нядрэнна сапраўды пакаяцца ў тых злачынствах, якія былі натхнёныя гэтай ідэалогіяй.

— Тады да старой песні старое пытанне: як вы сабе гэта ўяўляеце?

— Па-першае, мы павінны сказаць, што чорнае – гэта чорнае, што так рабіць нельга, як рабілася. Памятаць ахвяр, ушаноўваць іх памяць і маліцца за іх. І галоўнае: натуральнае наступства пакаяння – гэта рашэнне не станавіцца на тыя шляхі, якія былі няправільнымі і па якіх мы раней ішлі.

— Значыць, нам трэба каяцца кожны год ва ўсім, што не атрымалася. Утым, што, напрыклад, сённяшняя дэмакратыя – хутчэй «капіталакратыя», або ў карупцыі, якой хапае. Выходзіць, так, калі ўжо размова пра агульнае пакаянне ў падзеях гісторыі.

— Канешне, пакаянне – паўсядзённая работа, неабходная для сучаснасці і будучыні. Несумненна, і ў нашай сучаснасці ёсць нямала таго, ў чым трэба каяцца. Калі цяпер не льецца кроў, няма такіх бязвінных масавых пакут, то за гэта мы павінны дзякаваць Богу. Дабрабыт і спакой, які мы маем цяпер, можа быць,існуе толькі дзякуючы ахвярам тых часоў. Але калі мы надалей хочам захаваць спакойнае больш-менш жыццё, каб зло так відавочна не панавала над намі, то без пакаяння гэтага дасягнуць немагчыма.

“ЗДАРОВЫ” СТАН ЦАРКВЫ

— Вядома, да чаго можа прывесці жыццё сярод зла, якога не відаць.

— Так, рэвалюцыя таксама не ўзнікла на пустым месцы. Быў перыяд, калі гэтае зло зараджалася, і вялікае пытанне, з-за чаго ўзніклі перадумовы, дзякуючы якім выявіліся сілы зла. Тут, канешне, вялікая доля адказнасці і на дзяржаве, і на Царкве, і на грамадстве, і на адукацыі. Значыцца, нашыя продкі ў пэўны момант, калі трэба было дзейнічаць, усведамляць зло, якое нараджалася, чамусьці закрылі на яго вочы, ці не надалі гэтаму належнай увагі, ці не захацелі над гэтым працаваць, ці не захацелі прызнацца ў тым, што яны самі робяць нейкае зло. І вось настае момант крытычнага назапашвання злога патэнцыялу. Ён і выліваецца ў такія катаклізмы, як рэвалюцыя, войны. Калі казаць пра наш час, мне здаецца, яго таксама калі-небудзь нам паставяць у папрок, зразумеюць, што мы не зрабілі работы, якую павінны былі зрабіць. Ну, зараз відавочна, што наша грамадства ідзе да вельмі няпростых выпрабаванняў, стужка навін кожны дзень пра гэта яскрава сведчыць. І таму ізноў жа актуальная тэма пакаяння: і сёння, і заўсёды мы павінны вельмі пільна сачыць за тым, што адбываецца ў нашым жыцці. Ці жывём мы па сумленнІ ці наадварот хаваем яго ад саміх сябе? Ці сапраўдныя мы хрысціяне, ці з’яўляемся соллю зямлі або гэта толькі адна назва. Разуменне памагае чалавеку пераадольваць зло.

— Тады ўзгадаем пра дарэвалюцыйны час. Давайце проста на веру параўнаем колькасць размоваў пра камуністычных злодзеяў з колькасцю размоваў пра недахопы Рускай Праваслаўнай Царквы ў XIX стагоддзі. Пра першае мы добра памятаем, а пра другое, на мой погляд, значна горш. Няўжо фармальнае праваслаўе лепшае за рэальны камунізм?

— Я не буду спрачацца, што асноўная прычына вось гэтай рэвалюцыі сягае ў час, калі, здаецца, усё было ціха і спакойна, але было занадта шмат фальшу і ў грамадскім і ў царкоўным жыцці.

— Можа, мы вяртаем гэты час цяпер?

— Не выключана, хутчэй за ўсё так і ёсць.

— А як гэта так атрымліваецца? Сама Царква не пакаялася?

— Няма сэнсу гаварыць пра навамучанікаў, калі мы не робім працы па ўсведамленні прычын трагедыі. Стагоддзе рэвалюцыі – гэта жудасны напамін усім нам, гэта не свята, а проста жудасны напамін пра тое, што нас можа чакаць. А калі казаць пра Царкву і нашу адказнасць – так, Царква тады пераўтварылася у адзін з дзяржаўных дэпартаментаў Расійскай імперыі. Царква была падпарадкавана дзяржаве і нават не вельмі хацела вырывацца з гэтых абдымкаў, не ведала як жыць. І, мабыць, сваю місію выконвала не так, як належыць яе выконваць. Хаваць гэта сэнсу няма. Тое, што многія семінарысты, выхадцы з духоўнага саслоўя папоўнілі шэрагі рэвалюцыянераў, – гэта таксама факт. І я не ведаю, наколькі наша Царква сёння ўсведамляе не саму трагедыю рэвалюцыі, а яе ўнутранныя перадумовы. Не ведаю, ці не наступаем мы на тыя самыя граблі... Гэтыя пытанні застаюцца адкрытымі, яны звяртаюцца да сумлення кожнага святара, кожнага верніка. Але, бачыце, пры ўсім тым, што гэтая Царква была са сваімі цяжкімі хваробамі, усё ж такі ў час выпрабавання тысячы людзей ахвяравалі сабой за Хрыста, прайшлі шляхам пакутніцтва.

— Які стан Царквы на ваш погляд больш “здаровы”: той, што быў да рэвалюцыі, або той, што пасля?

— Канешне, калі перед абліччам смерці робіш свой апошні выбар, ты, мабыць, больш шчыры. Дабрабыт часам прытупляе пачуцці і веру. Гэту праблему паставіў Сам Гасподзь Іісус Хрыстос у малітве «Ойча наш»: «Не ўвядзі нас у спакусу, але збаў нас ад злога». Вось гэта – два бакі выбару: з аднаго боку, Гасподзь ведае, як цяжка нам праходзіць праз спакусы, але, з другога, у Яго часта не застаецца іншай магчымасці ўратаваць нас ад зла і самазабыцця, калі толькі не правесці праз нейкія спакусы. Вы пытаецеся пра тое, які стан Царквы лепшы. Лепшы той, які лепш вядзе да Хрыста. Калі прыйшоў момант выпрабавання, адыходзіць усё другараднае, усё мітуслівае і застаецца толькі галоўнае. Калі гаварыць пра нас, то мы жывём у спакоі і не ведаем, чаго наша вера вартая. У час выпрабавання ніхто не ведае, як будзе сябе паводзіць, таму ўсе разважанні такога тыпу гіпатэтычныя. Калі мы глядзім у гісторыю нашу, то бачым, зноў жа, два бакі: Царква ўсё ж такі засведчыла вялікую веру, і, можа, такога сведчання не было ніколі ў гісторыі — гэта адно. Другое: тыя ж самыя людзі не здолелі ў свой час прадухіліць гэту трагедыю, а многія і здрадзілі сваёй веры.

— Няўжо для Царквы лепш быць ганімай?

— Не магу адказаць на гэтае пытанне адназначна, магу толькі сказаць, што Царква, якая губляе свой агонь у сведчанні веры,— гэта,відаць, не тая Царква, якая павінна быць. Ганенні, у пэўным сэнсе, сапраўды раскрываюць у хрысціянах патэнцыял іх веры, але разам з тым з’яўляюцца цяжкім выпрабаваннем. Таму лепш, калі ў мірныя часы мы не стамляемся ў сведчанні сваёй веры, не губляем свайго агню.

— Ну, вы ж ведаеце, як агонь здабываецца.

— Хрыстос параўноўвае Царкву з соллю. Дрэнна, калі Царква перастае быць соллю зямлі, а соллю яна можа быць не толькі падчас ганенняў. Вернемся, напрыклад, да першахрысціянскіх часоў: вось было два з паловай стагоддзі ганенняў, потым перыяд, калі хрысціянства атрымала свабоду, і мы ведаем, што гэты час быў не менш святым. Таму што тысячы людзей пайшлі ў пустыні і там здзяйснялі свае вялікія аскетычныя подзвігі. Аскеза выявілася вогненным сведчаннем веры хрысціянскай Царквы. Але Царква не складалася з адных аскетаў. Мы бачым, што хрысціянская абшчына пачынае хварэць ад таго, што яна апынулася ў абдымках дзяржавы. Прыклад – лёс святога Іаана Златавуста. Яго жыццёвыя выпрабаванні паказалі, што грамадства назвалася хрысціянскім, але па-хрысціянску жыць не надта хацела. І Златавуст у нібыта мірныя для Царквы часы пацярпеў за Хрыстову праўду. Чаго здаецца ён лез на ражон? Дзяржава з павагаю ставіцца да Царквы, дае ўсе прэферэнцыі, то хай бы і Царква згадзілася закрыць вочы на нейкія недасканаласці, пайсці на пэўныя кампрамісы. Але гэта здрада евангельскаму хрысціянству. І Златавуст не мог здрадзіць, таму і пацярпеў. Але што гэта даказвае? Думаю, мы можам быць соллю зямлі і ў міры, і пры ганеннях. Сказаць, што падчас ганенняў Царква была ідэальнай, таксама нельга, таму што, акрамя мучанікаў, з’явіліся і тысячы здраднікаў. Трэба ўлічваць і тое, што на дзесяцігоддзі народы былі амаль што пазбаўлены магчымасці свабодна маліцца, свабодна спазнаваць Бога. Так што сказаць, быццам гэты стан Царквы лепшы, мы таксама не можам. Самы лепшы стан Царквы, мабыць, – гэта стан свабоды. Свабода – гэта сапраўды тое, пра што заўсёды патрэбна было б сур’ёзна клапаціцца Царкве.

— Як гэта – клапаціцца пра свабоду?

— Ну, вось у праваслаўнай Царквы ёсць спадчына сімфоніі Царквы і дзяржавы. Гэта такое ідэальнае бачанне ўзаемаадносін царквы і дзяржавы, якое, як падаецца, ніколі не знайшло сваёй рэалізацыі. Але мы маем безліч прыкладаў, калі пад прыкрыццём гэтага прынцыпу здзяйсняліся розныя злоўжыванні, адбываліся пачварлівыя перакосы ці ў адзін, ці ў другі бок.

— І што рабіць?

— Адзін да аднаго ставіцца з павагай і шанаваць незалежнасць кожнага боку. Гэта прынцып, які можа паслядоўна рэалізоўвацца ва ўзаемаадносінах Царквы і дзяржавы. Выказваю асабіста сваё меркаванне.

— Прынцып — гэта штосьці занадта агульнае, мне здаецца. Адносіны Царквы і дзяржавы – гэта заўсёды адносіны пэўных асоб, якія могуць быць свабодныя або не свабодныя адзін ад аднаго. Ці працуе тут такая рэч, як прынцып?

— Ведаеце, я ніколі не быў палітыкам і таму мне надзвычай цяжка даваць такія ацэнкі.

— Але вы вымушаны быць часткай гэтых адносін. Можа, таму і адбываюцца рэвалюцыі, што мы ў Царкве прызвычаіліся казаць «я тут ні пры чым».

— Я нічога не вымушаны, мая палітычная тэорыя адна – я лічу сябе грамадзянінам Царства Божага. І я ў гэтым сваім жыцці асабістым, грамадскім і тым больш царкоўным намагаюся прадстаўляць інтарэсы Царства Божага. Я вельмі ўдзячны грамадству і дзяржаве, калі яно прымае гэту маю пазіцыю. Бывае, што ўлады пачынаюць зацята змагацца з Царквою. Ну што ж, я як святар не магу палітычна ўплываць на такую сітуацыю. І ўвогуле гэта было б няправільна – увязвацца ў палітычную барацьбу, таму што мы павінны глядзець на прыклад Госпада Іісуса Хрыста. Час, у які Ён жыў, быў вельмі бурлівы з пункту гледжання палітычных супярэчнасцей, раздзелу іўдзейскага грамадства, гэта час падзелу на палітычныя, рэлігійныя, культурныя «партыі». І мы не бачым, што Хрыстос становіцца на бок таго ці іншага руху. Яго вельмі хацелі бачыць на баку нацыянальна-вызваленчых сіл, вельмі хацеў бачыць сваім сябрам Яго той самы Ірад ды іншыя партыі і сілы. Але Хрыстос быў вышэйшы за палітычныя супярэчнасці. І заўсёды, калі хрысціяне пачынаюць умешвацца ў палітычныя склокі, нічога добрага з гэтага не атрымліваецца.

— А не трэба нават і ўмешвацца. Проста можа быць такая сітуацыя, калі вас папросяць аднойчы сказаць: «прапануйце прагаласаваць за мяне». Вы скажаце «не», а для вашага суразмоўцы гэта будзе раўназначна таму, што вы выказалі свой пункт гледжання на палітычнае становішча. У нейкай ступені гэта само па сабе ўжо ёсць палітычнае дзеянне. Так ці інакш вы будзеце выконваць у гэтым сваю ролю.

— Я заўсёды буду заклікаць і сябе самога, і вернікаў да таго, каб мы былі заўсёды сумленнымі і дзейнічалі не па нейкай кан’юнктуры – ці то палітычнай, ці то эканамічнай, а кіраваліся ў сваіх словах і ўчынках Евангеллем і шчырым хрысціянскім сумленнем. Святары не маюць права ўваходзіць у нейкія рухі, партыі, выказваць нейкую палітычную падтрымку тым ці іншым сілам, але гэта не забараняецца простым вернікам. А вось калі мы збіраемся ў Царкве — мы браты і сёстры, усе нашы палітычныя і ідэалагічныя падзелы павінны адыходзіць на другі план.

— Ці можа быць кампраміс? Дакладна ведаю, што часам пасля пропаведзі ад святара можна пачудь наступнае: «Заўтра выбары, калі ласка, схадзіце выканайце свой грамадскі абавязак». Можа быць гэта?

— Так, гэта можа быць.

— Якім чынам гэта можа быць?

— Такім чынам, што мы грамадзяне сваёй дзяржавы і нясём адказнасць за яе жыццядзейнасць. Выбары забяспечваюць нармальнае функцыянаванне дзяржавы.

— І дзе гэта сказана, што я павінна ісці на выбары?

— Не павінна, ніхто не прымушае.

— А што гэта тады за заклік? Навошта яго мне з амвона чуць?

— Я вам скажу так: мы жывём у дзяржаве, а без дзяржавы пачнецца хаос, і таму мы як грамадзяне не павінны гэтага дапусціць.

— Добра, вам самому прыйдзе ў галаву думка сказаць такое з амвона?

— Канешне, я адназначна і спакойна магу гэта сказаць.

— Можаце — гэта зразумела, а ці захочаце самі?

— Магу захацець, магу не захацець. Гэта ўжо маё асабістае рашэнне, якое прымаецца зыходзячы з таго, як я буду назіраць грамадскую сітуацыю.

— Ну і што, гэта не палітычнае дзеянне?

— Гэта не палітычнае. Калі б я заклікаў галасаваць за тую ці іншую палітычную сілу, яно было б палітычным, а так я заклікаю да выканання звычайнага грамадскага абавязку. Я ж заклікаю яшчэ, напрыклад, да таго, каб людзі выконвалі належным чынам бацькоўскія абавязкі, працоўныя,чаму нельга заклікаць выконваць грамадскія? Гэта тое, што мы павінны рабіць дзеля таго, каб грамадства нашае функцыянавала. Грамадская дысфункцыя – магчымасць для праяўлення зла.

— Ці не будзе любое выказванне наконт палітыкі палітычным выказваннем?

— У нейкім сэнсе амаль кожнае наша дзеянне можа быць вытлумачана як палітычнае. У савецкія часы нават сам факт таго, што ты святар, ужо ацэньваўся як палітычная справа.

— Ну добра, як тады быць свабодным, каб мець магчымачць казаць пра грамадскі стан і пры гэтым не быць палітызаваным у адчуванні грамадства?

— Ну, вось гэта вельмі складана. Я думаю, што гэта вельмі небяспечнае пытанне, таму што сапраўды мяжа надта празрыстая і спакуса ўцягнуцца ў гэтыя кантраверсіі палітычнага дыскурсу таксама немалое. Проста можна не заўважыць, дзе ты пяройдзеш мяжу. Таму лічу, што лепш перастрахавацца, лепш не сказаць, чым сказаць. Самае лепшае – гэта, канешне, гаварыць пра Хрыста і пра Яго праўду, а свет Евангелля заўсёды пакажа няпраўду: і палітычную, і асабістую, і ўсякую іншую.

— Выходзіць, каб Царкве быць свабоднай, дык ёй не патрэбна казаць ні пра што іншае, як толькі пра Хрыста. Ці можна яшчэ нейкім чынам адстойваць свае каштоўнасці? Мне здаецца, гэта пытанне, якое ў пэўны час Царква ў Расійскай Імперыі не задавала сабе і, магчыма, адсутнасць адказу часткова прывяла да рэвалюцыі.

— Можа і так, але я не лічу сябе настолькі аналітыкам, каб сёння рабіць пэўныя вывады. Што тут скажаш, мы грамадзяне Царства Небеснага і грамадзяне нашай зямной дзяржавы. Канешне, мы маем права на свае меркаванні. Але трэба памятаць, што Царква нясе пэўную сістэму каштоўнасцей, і чалавек, які ўваходзіць у Царкву, прымае гэтую сістэму ці павінен прымаць. У жыцці сапраўднага хрысціяніна няма нічога важнейшага, чым ягоная хрысціянская вера, і ён павінен адстойваць менавіта хрысціянскі светапогляд. Калі ён бачыць, што пазіцыя той ці іншай палітычнай партыі не згодна з яго хрысціянскімі поглядамі, ён можа перайсці да іншай сілы ці паспрабаваць сам сабраць грамадскую ці палітычную сілу, якая будзе адстойваць каштоўнасці, якія ён лічыць істотнымі. Вось такім чынам мы можам адстойваць свае каштоўнасці. Гэта першы шлях, а другі – гэта шлях грамадскага дыялогу. Мы можам звяртацца да дзяржаўнай улады, весці дыялог з рознымі супольнасцямі і тлумачыць наш пункт гледжання. Як паўнапраўныя грамадзяне сваёй дзяржавы мы можам выкарыстоўваць звычайныя палітычныя магчымасці, якія рэалізоўваюцца і праз выбары, і праз афіцыйныя звароты і г. д. Можа быць і так: у’явім сабе, што прымаецца нейкі закон, які адназначна супярэчыць хрысціянскай маралі. Вось у дадзеным выпадку я магу адназначна сказаць: «Дарагія браты і сёстры, тое, што прапаноўваецца заканадаўцамі, супярэчыць нашай хрысціянскай веры і мы не маем права падтрымліваць гэтае рашэнне ўлады. Я заклікаю выступіць супраць гэтага нават да сітуацыі мірнага грамадскага непадпарадкавання». Калі саборны розум Царквы скажа, што гэта рашэнне для нас непрымальна, мы тады можам заняць такую канкрэтную пазіцыю. Так, яна ўжо будзе палітычнай, так, будзе супярэчыць мэйнстрыму, але іншага рашэння ў нас не будзе, таму што калі мы згодзімся, то перастанем быць хрысціянамі, здрадзім самаму галоўнаму, што маем.

— Сёння ёсць такое пытанне, за якое вы хвалюецеся?

— У першую чаргу – гэта пытанні біяэтыкі. Тут мы займаем абсалютна канкрэтную пазіцыю. Гэта пытанні абортаў, рэпрадуктыўных тэхналогій, геннай інжынерыі, эўтаназіі. Мяне вельмі непакоіць размыванне паняцця сям’я, шлюб, а таксама рэалізацыя рознага кшталту ювенальных праграм. Мяне вельмі непакояць формы і метады работы так званых органаў апекі дзяцей, якія ў нашай краіне падчас даходзяць да ўжывання метадаў запалохвання шматдзетных сем’яў, пагражаючы перспектывай адабрання дзяцей у бацькоў. Ці можа лічыцца нармальнай практыка, калі ў дом да людзей, якія выхоўваюць дзяцей, без папярэджання, прабачце, ўвальваецца камісія з дзесяці, ці нават больш, чалавек, якія пачынаюць праверку дабрабыту сям’і?

— Самы відавочны кампраміс, на які пайшла Царква перад 17-м годам. Ён, на ваш погляд, ёсць?

— Я лічу, што ўвесь гэты сінадальны перыяд – гэта далёка не самы лепшы час у гісторыі Рускай Праваслаўнай Царквы. Яна проста адмовілася ад сваёй свабоды і не бараніла яе належным чынам, таму і панесла ўвесь цяжар гэтага ўдару ўжо новай улады. І канешне, Царква проста павінна была больш актыўна выступаць супраць прыгоннага права, супраць відавочных сацыяльных несправядлівасцяў. Але, на жаль, яна фактычна маўчала, не жадаючы псаваць адносіны з дзяржавай і пануючым класам. І каму ад гэтага стала лепш? Дзяржаве, дваранству, грамадству? Такая пазіцыя і прывяла да трагедыі. Дзяржава падчас вельмі так бы мовіць прымітыўна і недальнабачна ўяўляе свой інтарэс, пазбаўляючы тыя ці іншыя грамадскія супольнасці свабоды на выказванне думак і ацэнак. Расійская дзяржава вырашыла пераўтварыць царкву ў паслухмяную і няздольную на крытыку інстытуцыю. Гэта атрымалася. Але ці была той дзяржаве карысць ад такога рашэння?

— А калі было інакш?

— Было інакш, але, мабыць, толькі ў асобных выпадках. Свяціцель Амвросій Медыяланскі за крывавую жорсткасць не дапусціў імператара Феадосія ў храм. Мы ўзгадвалі ўжо постаць свяціцеля Іаана Златавуста. Мы можам узгадаць таксама асобу мітрапаліта Маскоўскага Філіпа, які не пабаяўся ў вочы сказаць праўду цару Івану. У сінадальным перыядзе гісторыі рускай царквы можам узгадаць постаць свяціцеля Арсенія Мацыевіча. Канешне, ціск улады заўсёды быў адчувальным і моцным. Але да часу скасавання патрыяршаства і ўсталявання сінадальнага ладу ў Расіі, больш-менш прытрымліваліся гэтага прынцыпу, і ён неяк худа-бедна ўсё-такі рэалізоўваўся ва ўзаемаадносінах Царквы і дзяржавы. Але потым адбылося проста паланенне Царквы з боку дзяржавы. У гісторыі Беларускай праваслаўнай царквы таксама быў перыяд, калі праваслаўныя на працягу стагоддзяў вымушаны былі змагацца з дзяржавай за самое права свайго існавання, за прынцыпы свабоды і талерантнасці.

 — Абурэнне на дзяржаўны стан і абурэнне на Царкву – ці адно гэта і тое ж?

— Калі ўзгадаць лозунгі рэвалюцыйных часоў, гэта называлася так: стары свет і новы свет. Спявалі: «мы наш, мы новый мир построим». І Царква ў свядомасці рэвалюцыянераў адназначна суадносілася са старым светам. Першая хваля ўвогуле была супраць усяго старога ладу жыцця. Яны верылі, што створаць, а мабыць, і стварылі новую культуру, і, канешне, былі зацятымі барацьбітамі за гэта сваё новае. Верылі, што на крыві можна пабудаваць штосьці добрае. Нічога добрага, на мой погляд, не атрымалася. А тое добрае, што было ў жыцці савецкага грамадства, было добрым не дзякуючы той ідэалогіі, а, хутчэй, насуперак ёй. Можа, хтосьці лічыць інакш...

— Інакш можна лічыць з таго боку толькі, што вось навамучанікі з’явіліся, Булгакаў стаў Булгакавым, літаратура з’явілася, новае мастацтва – рамантычны час, словам.

— Калі пра ўсё гэта казаць без уліку крыві, якая пралілася, то рамантычны. А менавіта так часта і спрабуюць казаць. Менавіта так камуністы і рабілі – паказвалі толькі ў добрым святле тыя падзеі, таму што гэта было зручна ім.

— Зразумела, але як цяпер з гэтай тэмай быць, як размаўляць пра яе? Таму што ёсць два асноўныя падыходы. Першы: пакаяцца, узгадваць з горыччу. І другі: успрымаць як гісторыю і не даваць ацэнак. Папулярная таксама фраза «трэба ўсвядоміць». Усвядоміць раз і назаўсёды – гэта як быццам зрабіць вынік пераможца. Як могуць усе агулам штосьці ўсвядоміць, калі толькі не пад націскам новай ідэалогіі?

— Вось вы дарма так да гэтага слова адносіцеся, таму што кожнае новае пакаленне павінна ўсведамляць.

— Яно само сабой усведамляе.

— Яно нічога не ўсведамляе, калі папярэдняе пакаленне не зрабіла працы над памылкамі і не перадало гэтага досведу новаму пакаленню. Калі проста адвярнуцца і зрабіць выгляд, што нічога і не было, то тое зло, якое панавала, можа вярнуцца. Гэта як евангельскі вобраз, пра які кажа Хрыстос: дэман пакідае душу чалавека, а чалавек не напоўніў яе дабром і тады дэман, які там жыў, вяртаецца і вядзе з сабою іншых, яшчэ горшых за сябе самога.

— Хіба ж мы не разумееем, што рабілі дрэннае? Або вось узгадалася: расійскі рэжысёр-дакументаліст Віктар Праўдзюк неяк заўважыў: «Мы так і не ўсвядомілі вынікі першай сусветнай вайны. Без гэтага немагчыма сёння ўявіць правільнае развіццё». Вось як я сёння гэта ўсвядомлю? Каяцца буду? Як мне сёння быць з гэтай інфармацыяй?

— А я магу быць з гэтай інфармацыяй.

— Якое дзеянне я магу зрабіць у гэтай сувязі? Напісаць магу, паразважаць, але ці сапраўды гэта ўплывае?

— Ведаеце, гісторыя – гэта не толькі мінулае.

— Гэта шлях разумення.

— Гэта пытанне і для сучаснасці, і для будучыні. І калі нам здаеццца, што пытанні, якія ўзнікаюць, абсалютна новыя, дык гэта ж не так. Усё ўжо было. І каб не зрабіць тых памылак, якія былі зробленыя ў ранейшыя стагоддзі, нам трэба вяртацца да гэтых тэмаў, у тым ліку і да Першай сусветнай вайны.

— Вось мы вярнуліся да часу перад рэвалюцыяй і бачым, што цяпер у грамадстве пачынаюць з’яўляцца тыя самыя пытанні і мы зноў не можам з імі нічога зрабіць.

— Можам. Мы ж з вамі размаўляем на гэтую тэму. Кожны з нас паасобку – гэта невялічкая энергетычная адзінка, і пытанне ў тым, чый зарад будзе больш моцным – зарад добрых людзей ці злых. І ў рэшце рэшт пытанне ставіцца наступным чынам: што мы, добрыя людзі,можам супрацьпаставіць спробам злых людзей рэалізаваць свае планы?

— А мы добрыя людзі?

— Так… Мы добрыя людзі. Мы такімі павінны быць. Я нікога не заклікаю ні да вайны, ні да гвалту. Так. Мы не павінны гэтага саромецца. Так, мы стаім на пазіцыях Евангелля, вось як можам. І гэта місія, якую нам даручыў Гасподзь, – берагчы святло Евангелля. Таму што калі ён гасне, тады пачынаюцца трагедыі войнаў, рэвалюцый, пакутаў.

— Чаму слова «ўсвядоміць» стала папсовым? Магчыма, вы гэтага не адчуваеце, але я моцна адчуваю. Ну ўжо трэба або ўсвядоміць, або перастаць яго ўжываць.

— У мяне нешта падобнае з выразам «духоўнае адраджэнне». Двадцаць пяць гадоў мы адраджаемся і ўсё ніяк не можам адрадзіцца. Ды яшчэ навакольнае жыццё сведчыць хутчэй пра адваротныя працэсы. Але што датычыць слова «ўсвядоміць», я не адчуваю яго як вы. Я сапраўды адчуваю гэта як такую працу. Гэта як слова «есці», напрыклад. Мы ямо кожны дзень, і гэта нам не надакучвае. Таксама кожны дзень можна і патрэбна ўсведамляць усё, што з табою адбываецца.

— Ну, мы адчуваем вынік, калі ямо, а тут…

— Калі мы пра гэта гаворым, думаем, шукаем нейкія адказы, то мы ўсё ж такі спрабуем знайсці глебу пад нагамі ў нашай хрысціянскай пазіцыі. Стаянне на гэтай глебе напэўна дапаможа нам у час выпрабавання. А я лічу, што ў жыцці кожнага надыходзіць такі час, калі ты робіш выбар. І вось без гэтай працы, без гэтых думак і разважанняў, без такіх усведамленняў мы можам апынуцца ў дрэннай сітуацыі, калі проста не здолеем зарыентавацца і зрабіць правільна.

«Куды б яшчэ ўварвацца» — ёсць такі дакументальны фільм Майкла Мура. Па сюжэце амерыканец Мур ездзіць па Еўропе ў пошуках лепшага, што ЗША можа «акупаваць». Гэта не нафта і не іншае якое багацце, а культурныя па большай частцы здабыткі народаў старога свету. Пасля інтэрв’ю я ўзгадала тую частку відэападарожжа, якая распавядае пра адукацыю ў сучаснай Германіі. Праграма кожнай школы абавязкова ўключае значную колькасць заняткаў, прысвечаных злачынствам фашыстаў. Дзяцей просяць уявіць, як яны адчулі б сябе як вязні лагероў, каб ведалі, што ніколі не вернуцца дахаты, даюць заданне прынесці адну рэч, якую дзеці ўзялі б з сабою пры хуткіх зборах і інш. Ніхто не абяляе мінулае, ніхто не кажа «пры чым тут я? Я ж нікога не забіў!». Немцы адносяцца да гэтага як да агульнага граху і агульнай раны, якую трэба намагацца вылячыць і абавязкова помніць. «Толькі калі мы здолеем прызнацца сабе ў сваім цёмным боку, зможам пакаяцца і стаць лепшымі людзьмі і рабіць добрае для іншых. Калі ў іх гэта атрымалася, то і мы зможам», — Майкл Мур так скончыў там свае развагі. Разам з ім скончым і мы.

ihtis.by