Паломніцтва калектыва нядзельнай школы Пакроўскага сабора ў Лаўрышаўскі манастыр

У нядзельнай школе Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора горада Гродна ёсць выдатная традыцыя - у канцы навучальнага года настаўнікі пад патранажам святара адпраўляюцца ў паломніцкую паездку, дзе можна, адарваўшыся ад будзённай мітусні і службовых клопатаў, абмеркаваць вынікі школьнага года і памарыць аб планах на год будучы.



12 траўня 2018 года педагогі нядзельнай школы, настаяцель Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора протаіерэй Георгій Рой, духаўнік нядзельнай школы іерэй Аляксей Саўко і іпадыякан Яўген Кулак наведалі Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр.

Радасць у гэты дзень прыносіла ўсё: і сама дарога, калі за акенцам аўтобуса яркая вясновая зеляніна лесу, жоўтыя і шматколерныя палі, кветнікі з раскошай бэзу і цюльпанаў, родныя буслікі там і тут, белая чапля над манастырскай дорагай і, вядома, сумесная малітва.

У Свята-Успенскім храме ў вёсцы Лаўрышава адслужылі Бажэственую літургію і прычасціліся Святых Тайн Хрыстовых, а імправізаваны настаўніцкі хор нават заслужыў пахвалы айца Георгія.

Манастыр сустрэў ветлівасцю ігумена Яўсевія. Спачатку агульная трапеза, пасля - экскурсія і апавяданне паслушніка пра гісторыю мясціны пад птушыны рознагалосы хор і цудоўны спеў насельнікаў манастыра і сасновае паветра, якое здаецца амаль густым!

«Педсавет» адбыўся пад хвоямі, у майскім сонейку. Гутарылі на манастырскай палянцы: што трэба зрабіць, каб наша хрысціянская абшчына множылася і мацнела? Як зрабіць навучанне ў школе цікавым і сучасным? Як заахвоціць дзіцячыя сэрцы да любові і веры, дапамагчы маленькім хрысціянам знайсці свой шлях да Бога?



Такія паездкі - гэта цудоўная і рэдкая магчымасць педагогам школы пагутарыць не спяшаючыся, адчуць сябе камандай аднадумцаў, адчуць духоўную агульнасць, пачуць адзін аднаго. Дзякуй Богу за ўсё! І дзякуй Лаўрышаўскаму манастыру за гасціннасць і добрую цішыню.

Алена КНОР