Пропаведзь настаяцеля Пакроўскага сабора ў Нядзелю 27-ю пасля Пяцідзесятніцы (+тэкст)

2 снежня 2018 года ў Нядзелю 27-ю пасля Пяцідзесятніцы Бажэственную літургію ў Свята-Пакроўскім кафедральным саборы горада Гродна ў саслуженні дыякана Аляксандра Цыбульскага ўзначаліў протаіерэй Георгій Рой. Пасля чытання Евангелля настаяцель звярнуўся да вернікаў з пропаведдзю.

Тэкст:

У імя Айца, Сына і Святога Духа!

Дарагія браты і сёстры, сёння мы з Евангелля пачулі Хрыстову прытчу пра багатага чалавека, які атрымаў вялікі ўраджай, разбурыў усе свае сховішчы, каб збудаваць новыя і большыя ды сказаў: “супакойся душа, еж, пей, весяліся”. Але Гасподзь у наступную ноч забраў душу гэтага чалавека.

Гэтую прытчу варта было б разглядзець у кантэксце іншай прытчы Госпада Іісуса, а менавіта прытчы пра таленты, ў якой Гасподзь чакае ад сваіх слугаў актыўнасці, прадпрымальнасці, прыбытку. Той багаты чалавек, пра якога мы сёння чулі быў і актыўным, і прадпрымальным і сваёю працаю, руплівасцю ды розумам здабыў багацтва. Але, тым не менш, ён не атрымоўвае ад Бога станоўчай адзнакі яго жыцця ды працы.  Дык у чым жа хібіць гэты чалавек перад Богам? Відаць справа ў тым, што ўся гэтая актыўнасць мела мэтай самазадавальненне чалавека. Ён шмат працаваў і вынікам сваёй працы ён бачыў тую перспектыву, калі зможа сказаць сабе “супакойся, еж, пі, ды весяліся”. Такі бесклапотны лад жыцця быў ягонай галоўнай мараю. Менавіта дзеля гэтай мары ён працаваў і збіраў свой здабытак. Бесклапотнасць, задавальненне ежаю, пітвом ды весялосцю ўдаваліся яму адзіным і галоўным сэнсам чалавечага жыцця.

Але ці ж стварыў Бог чалавека толькі для ежы, пітва ды бесклапотнай весялосці? Мы можам узгадаць з Бібліі страшную падзею ў гісторыі чалавецтва – сусветны патоп. Чаму Бог тады адвярнуўся ад чалавека? У Бібліі даецца адказ на гэтае пытанне – “чалавек стаў плоццю”, г.зн. згубіў духоўны складнік сваёй прыроды, згубіў духоўную перспектыву свайго жыцця. Менавіта чалавека такога тыпу мы бачым і ў сённяшняй евангельскай прытчы. Ды ці ж толькі ў прытчы?

Сучасная секулярная філасофія прапагандуе такі геданістычны лад думкі і жыцця як адзіны варты ўвагі, цалкам выкрэсліваючы перспектыву духоўнасці ў жыцці грамадства ў целым і паасобнага чалавека. Мы – дзеці свайго часу, а гэта азначае, што і нас гэткая філасофія жыцця моцна закранае і захоплівае. Калі з боку паглядзець на нашыя справы, думкі, мары, імкненні, то ці не атрымаецца так, што тое духоўнае, што мы маем будзе знаходзіцца недзе на перыферыі нашай свядомасці, а галоўныя сілы нашага жыцця будуць адданыя на рэалізацыю простай і разам з тым вельмі рэальнай філасофіі - “разслабся, еж, пі ды весяліся”. Евангельская прытча - грознае папярэджанне нашаму часу. Падаецца ўжо, што спажыванне тавараў, паслуг ды задавальненняў стала амаль што новай рэлігіяй сучаснасці, якая мае і свае новыя храмы ў выглядзе гандлёва-забаўляльных цэнтраў.

Здаецца, мы забываемся на тое, што самое слова “багацтва” пачынаецца са слова “БОГ”. І Гасподзь у сённяшняй прытчы падказвае нам правільны шлях нашага развіцця: чалавек павінен “БАГАЦЕЦЬ У БОГУ”. Што гэта азначае? Па першае, глоўнай мэтай нашага жыцця павінна быць нашае духоўнае развіццё, ды не нейкае абстрактнае, але рэальнае набліжэнне да Бога, ўзрастанне ў Яго любові. Але ці павінны мы пры гэтым пакінуць усе нашыя штодзённыя справы, адмовіцца ад развіцця эканомікі, ці, напрыклад, перастаць працаваць? Не, Бог гэтага ад нас не патрабуе. Ён кажа пра іншае, а менавіта пра тое, што ўсё зямное не павінна станавіцца самамэтай чалавечага існавання. Усе нашыя зямныя справы павінны быць падпарадкаваны вышэйшай мэце – служэнне Богу на гэтай зямлі, бо менавіта для гэтага і быў створаны Адам. Што б мы не рабілі, дзе б мы не працавалі, сваёй дзейнасцю мы пакліканы на служэнне Богу. Калі і развіццё эканомікі і грамадскага жыцця пераўтворыцца ў служэнне Нябеснаму Айцу, то мы зможам пазбегнуць тых крайнасцяў, калі дзеля эканамічных ці палітычных прыбыткаў крыўдзяць людзей, шкодзяць прыродзе, парушаюць справядлівасць ды распачынаюць войны.  Калі ты служыш Богу, то самое сумленне – голас Божы ў душы чалавека, папярэдзіць ад падманлівых шляхоў ды неправільных накірункаў.

Памолімся ж сёння, дарагія браты і сёстры, за тое, каб і мы самі і наша краіна былі падобныя да тых евангельскіх слугаў, якія атрымалі таланты ды ўжылі іх на тое, каб разбагацець у Бога, і каб мы не сталі падобнымі да таго няшчаснага багацея, якому Бог сказаў: “неразумны, гэтай ноччу забяру душу тваю”.  Амінь.

Глядзіце навіны жыцця сабора на  www.youtube.com/c/СвятоПокровскийсоборГродно.

Мікалай БАЙДА